Общество
Eolonir

Благасфэра пра ліцьвінаў у ЖЧ ды нацыянальны гімн

Пачнем зь вясёлага. На суполцы by_mova зьявіўся сучасны беларускі гімн, пакладзены на музыку з “Хава Нагілы”. Там жа можна спампаваць мэлёдыю. Уражаньні камэнтатараў — выключна станоўчыя: адчуваецца, што абмежаваньне беларускай мовы адно абмеркаваньнем палітыкі ўжо шмат каму не даспадобы.

Праглядзець водгукі ды спампаваць музыку можна вось тут.

Блогер daroha разважае на тэму ўзаемадачыненьняў у ЖЧ між тымі, хто называе сябе ліцьвінамі, і тымі, хто аддае перавагу называць сябе беларусамі. З камэнтароў да гэтага допісу відаць, што беларускамоўныя ўжо даўно не ўяўляюць сабой нейкі аднастайны пласт у грамадзтве: сярод іх, прынамсі ў ЖЧ, існуе багата плыняў, для якіх мова ўжо не зьяўляецца еднасным чыньнікам.

Ліцьвінам і Вялікалітве ў ЖЧ прысьвечаныя дзьве суполкі: litviny2009 ды lithuaniae2009, па беларускіх маштабах досыць актыўныя.

На суполцы by_politics найбольшую ўвагу выклікаў допіс аб Аляксандры Барадзенку, апошнім зь хвігурантаў працэсу 14-ці, які ў свой час не зьявіўся на суд. Блогеры ўжо назвалі Аляксандра першым палітычным вязьнем пасьля зьняцьця візавых санкцыяў. Рэакцыя суполкі была неадназначнай: частка камэнтатараў традыцыйна аспрэчыла допіс, падкрэсьліўшы, што новым палітвязьнем сп. Барадзенку назваць цяжка, частка адзначала “недарэчнасьць” падобнага кшталту постаў. Чаму — патлумачана не было.

Самым папулярным беларускім допісам тыдня стаўся камэнтар Наталкі Базылевіч a.k.a. burbalka пра перадрукоўку блогерам guralyuk (спэцыялізуецца на беларускай палітычнай аналітыцы) частак кнігі Аляксандра Шрамко a.k.a. priestal у сваёй працы, выдадзенай выдаўніцтвам “Европа”. Аўтарка допісу сьцьвярджае, што матэрыял быў пастаўлены без спасылкі на першакрыніцу. Допіс трапіў у найпапулярнейшыя посты Yandex 26-га кастрычніка, стаўшы такім чынам адзіным падобнага кшталту зь беларускай благасфэры.

І нарэшце: праваахоўныя ворганы не замарудзілі тэмпу ў фармаваньні базы дадзеных адбіткаў пальцаў грамадзянаў краіны. Чарговае сьведчаньне можна знайсьці тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)