Общество
Eolonir

Благасфэра пра крызіс у “Маладым Фронце” ды становішча навокал ТБМ

Як вядома, сёлета адмысловым загадам кошт арэнды для недзяржаўных арганізацыяў быў падвышаны ў 10 разоў. Такім чынам, тое жа ж ТБМ зараз вымушанае плаціць (па інфармацыі ў благасфэры) каля тысячы эўра штомесяц за два свае офісы, у Менску й у Гомелі. І хаця сытуацыя вакол Таварыства тыповая (бо падвышэньне арэнды заўжды было адным з інструмэнтаў выжываньня іншадумцаў, што няўрадавых арганізацыяў, што прадпрымальнікаў), то зварот кіраўніцтва ТБМ да шырокай публікі і да інтэрнаўтаў нельга назваць звычайным.

Справа ў тым, як піша zxz12m у by_mova, звароты да ўлады ды лідэраў апазыцыі, у прыватнасьці сп. Калякіна ды сп. Мілінкевіча, не знайшлі адказу: ТБМ засталося сам-насам з пагрозай высяленьня. Праўда, як паказваюць камэнтары, блогераў болей цікавіла не пазыцыя апазыцыйнае вярхушкі, але дзейнасьць ТБМ: як апынулася, большасьць зь інтэрнаўтаў ня ведае, чым рэальна займаецца Таварыства. Гэта ня дзіўна: блогеры мяркуюць пра дзейнасьць той ці іншай арганізацыі толькі па яе сеціўным прадстаўніцтве, якое ў ТБМ абнаўляецца ня часта. Гэта, дарэчы, адлюстроўвае праблему больўасьці няўрадавых задзіночаньняў, якія аддаюць Інтэрнэту замала ўвагі для сучаснага становішча.

«Ліст з форуму ЭГУ» ад «нейкай дзяўчыны з МФ» пра сытуацыю ў кіраўніцтве Фронту таксама шырока абмяркоўваўся на суполцы by_politics: бальшыня камэнтатараў палічыла яго правакацыяй, а не рэальным пасланьнем ад сябра МФ, ужо хаця толькі таму, што ён быў напісаны па-расейску, у той час, як амаль усе сеціўныя камунікаты арганізацыі ідуць па-беларуску.

Іншай тэмай, што датычыла МФ, было пытаньне пра стаўленьне эўрапейскіх фундатараў арганізацыі да адмоўных выказваньняў яе лідэраў на адрас сэксуальных мяншыняў. Камэнтатары разьдзяліліся, аднак значная іх частка ўсё-ткі падтрымала правую пазыцыю Маладога Фронта.

На пытаньне, за каго заўзяць на гульні «Беларусь — Грузія», «за аўтарытарную Беларусь ці вольную Грузію» (фармулёўка захаваная), абсалютная большасьць выказалася на карысьць Беларусі. Палітыка – палітыкай, спорт – спортам.

І нарэшце, у які раз ужо ўзьнімаецца пытаньне пра зьняцьце «пальчыкаў». Можна палічыць, што гэта робіцца на тле расьледаваньня выбуху 3 ліпеня, але ж зьяўляюцца й іншыя нагоды. Напрыклад, гэты допіс сьведчыць, што быццам бы ўсе ваеннаабавязаныя, нават тыя, хто атрымаў адтэрміноўку, павінныя здаць адбіткі. Гэта ня так: з ваеннаабавязаных «здымаюць пальцы» толькі перад самой адпраўкай у войска. А падобныя інцыдэнты блогеры тлумачаць жаданьнем ворганаў стварыць сабе добрую базу празь няведаньне грамадзянамі законаў. Так што перад тым, як рабіць такія рэчы, варта пачытаць закон «Аб абавязковай дактыляскапічнай рэгістрацыі» ад 2003 года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)