Общество
Eolonir

Благасфэра пра гей-парад

Першы менскі гей-парад, што адбыўся ў суботу, не прайшоў незаўважаным для беларускіх блогераў. Найвялікшая дыскусыя наконт станоўчасьці такога мэрапрыемства разгарнулася на суполцы minsk_by. Што яднала ўдзельнікаў дыскусіі, дык гэта “нябачны раней дэмакратызм” уладаў, якія дазволілі мэрапрыемству адбыцца.

Што й казаць, дзіўна, памятаючы, як нашыя бравыя АМАПаўцы клалі тварам на асфальт удзельнікаў бяскрыўднай “Крытычнай масы”, якія толькі й вымагалі, што сьцежак для раварыстаў ды паважлівага стаўленьня да іх з боку кіроўцаў машынаў. А тут, па сутнасьці, выхад прадстаўнікоў сэкс-мяншыняў з падпольля, якія прайшлі ад плошчы Якуба Коласа да скверыка насупраць рэзыдэнцыі, то бок “самым забароненым” (для апазыцыі) маршрутам, не прыцягнула ніякай увагі. Вось гэта й абмяркоўвалі блогеры.

Што й казаць, стаўленьне да сэкс-мяншыняў у нас благое, і гэта было відавочна адлюстравана ў стужцы. Толькі некаторыя ўдзельнікі ўхвалілі сам факт параду, не ўхваляючы прапаганды ідэяў ягоных удзельнікаў, а некаторыя дык і ўвогуле схіляліся да таго, што такія рэчы варта было б забараніць. Праўда, настроеных радыкальна станоўча й радыкальна адмоўна было мала, што, ў прынцыпе, не зьмяніла настрою дыскусіі.

У працяг тэмы palitekanom апублікаваў на by_politics спасылку на сьпіс самых зацятых праціўнікаў сэкс-мяншыняў. Што характэрна, у яго трапілі як прадстаўнікі ўладаў, так і прадстаўнікі апазыцыйных арганізацыяў.

На тэму парлямэнцкіх выбараў у Летуве рэфлексуе lipski. Па ягоных словах, летувіская дэмакратыя “…па сваіх практыках не нашмат адрозніваецца ад беларускай”. Было і “…адкрытае галасаваньне (кабінкі без фіранак), і пакупка галасоў (людзі з бюлетэнямі галасуюць у машынах), і п'яныя выбарцы, і нядопуск назіральнікаў на ўчастак”. Праўда, падмены скрыняў або падкідаў бюлетэняў не было, кажуць блогеры ў камэнтарах, бо ўсё-ткі ўзровень іншы.

<Дыскусыя наконт беларускамоўнай Вісты працягваецца вось тут. Як высьветлілася, беларускамоўны інтэрфэйс для Vista Ultimate усё-ткі існуе. Вось толькі спампоўваць яго трэба адмыслова з бачыны Мікрасофт, у той час, як іншыя моўныя інтэрфэйсы даступныя ў сьпісе неабавязковых аднаўленьняў сыстэмы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)