Общество
Eolonir

Благасфэра пра дэвальвацыю

Традыцыйная навагодняя ціша на блогах была парушаная дэвальвацыяй рубля на дваццаць адсоткаў, абмеркаваньнем далейшага лёсу беларускай валюты й зьмены коштаў у крамах у сувязі з гэтым. Не абышоў Інтэрнэт увагай і лёс рубля ў сыстэме WebMoney (нагадаю, у сьвяточныя дні даляр купляўся па 2200 рублёў, а прадаваўся ажно па тры з паловай).

Раптоўнае падзеньне беларускае валюты ў WebMoney – ня дзіва: афіцыйнае выстаўленьне курсу паводле Нацбанку пасярэднікам WebMoney ў Беларусі Тэхнабанкам магло адбыцца толькі ў панядзелак, 5 студзеня. Да таго рынак заставаўся ў стане няпэўнасьці. Раптоўная дэвальвацыя ажно на 20% наштурхнула шмат каго на сумныя думкі, што, магчыма, гэта быў толькі першы крок уніз. Адсюль і паўстала разьбежка між продажам ды купляй болей за тысячу, якая, як мне падаецца, мусіла вярнуцца ў звыклыя рамкі напачатку працоўнага тыдню.

Але курсы на WebMoney – гэта толькі наступства дэвальвацыі. Пра яе саму на суполцы by_politics піша блогер nescerka. Асноўная ідэя посту – тое, што дэвальвацыя ў такім варыянце была непазьбежнай, і час, абраны для яе, аптымальным, каб не справакаваць масавай панікі. Зрэшты, Нацыянальны банк сваім паведамленьнем наконт утрыманьня курсу на мяжы не вышэй за 2200 да канца 2008 амаль што непрытоена паведаміў, што ў 2009 годзе курс будзе абавязкова апушчаны. І ў сытуацыі, калі попыт на іншаземную валюту напрыканцы году перавышаў прапанову па самых сьціплых падліках у некалькі разоў, гэты крок быў адзіным, каб у тым ліку выратаваць рэзэрвы НБ ад поўнага вытрачваньня. Але тым ня меней, для бальшыні дваццаць адсоткаў сталіся нечаканасьцю. Іх раптоўнасьць і справакавала пагалоскі ў Сеціве, што да канца студзеня будзе нават 3000 рублёў. Пакуль без пацьверджаньня.

Падвышкі коштаў у крамах Менску блогеры абмяркоўвалі вось тут. 2 студзеня каля адкрытых абменьнікаў стаялі чэргі; намагаючыся купіць тавары яшчэ па старых коштах, менчукі абклалі аддзелы бытавой тэхнікі ў менскіх унівэрмагах, што былі адкрытыя ў той дзень. Попыт падштурхоўвалі таксама й пагалоскі, што курс будзе й надалей падвышацца вельмі хутка.

Апошняй папулярнай тэмай мінулага ж году сталася сьмерць аднаго зь бегуноў, што бралі ўдзел у высьцігах, якія ладзіліся ў Кастрычніцкім раёне па вуліцы Жукоўскага. Паводле паведамленьня belnetmon, цела памерлага ляжала проста на вуліцы некалькі гадзінаў пад наглядам міліцыянта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)