Скандалы

Бізнэсмен Сініцкі заплаціў ужо 10 мільёнаў долараў, але яго не выпускаюць. Чаму? Тлумачаць крыніцы

Раней паведамлялася пра затрыманне буйнога дэвэлапера Віталя Сініцкага — ён кіруе кампаніяй «Сігмаполюс», якой належаць мінскія бізнэс-цэнтры «Тытан», «Цівалі», «Арлан», «Хваля» (яе арандуе Wargaming), «Анкор», гандлёвы цэнтр «Трум», прамбаза на Гурскага, участак насупраць Музычнага тэатра ля плошчы Багушэвіча і гэтак далей.

Сініцкі, назіраючы за сітуацыяй у пытанні гэтак званага «драблення бізнэсу» (у прыватнасці за кампаніяй «21vek»), вырашыў падстрахавацца і напісаў на сябе заяву ў падатковую з просьбай правесці праверку яго справаў — і яго самога арыштавалі.

Як цяпер вядома Нашай Ніве з кулуараў, бізнэс Сініцкага існуе ў выглядзе дзясяткаў асобных юрыдычных асоб, што беларускімі органамі трактуецца як «драбленне» бізнэсу і сыход ад падаткаў.

Справа ў тым, што з ростам абаротаў растуць падаткі, калі ж разводзіць прыбыткі з розных аб'ектаў на розныя юрыдычныя асобы, то можна заставацца ў рамках спрошчаных сістэм падаткаабкладання.

Пасля кейсу «Белцяжмаша» гэта лічыцца злачынствам.

Як вядома «Нашай Ніве», Сініцкі ўжо кампенсаваў як мінімум 10 мільёнаў даляраў «шкоды» у спадзяванні на пазітыўнае вырашэнне крымінальнай справы, але гэта пакуль не дало плёну.

Праблема ў тым, як тлумачаць абазнаныя, што Сініцкі за час сваёй дзейнасці не завёў патрэбных кантактаў, у выніку чаго за яго няма каму «схадзіць і папрасіць там».

– Існуючая механіка выхаду бізнэсменаў са следчага ізалятара — гэта кампенсаваная «шкода». А таксама яшчэ некаторыя адлічэнні, напрыклад, «на спорт», і паручальніцтва некалькіх чалавек — чыноўнікаў і бізнэсменаў з добрай рэпутацыяй у разуменні Лукашэнкі, — кажуць крыніцы. — Так, праз інстытут гэтага своеасаблівага паручальніцтва з СІЗА выйшаў Генадзь Кірэйкаў (Green), адным з паручэнцаў быў хакейны трэнер, набліжаны да сям'і, Дзмітрый Баскаў, і яшчэ два бізнэсмены.

За Сініцкага яшчэ ніхто не прасіў, а гэта азначае, што яго праблема будзе доўга ісці да першага стала — няма каму пакласці.

Цяпер Сініцкі распрадае сваю маёмасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(26)