Общество

Бізнэсмэн Добкін: «Я праціўнік інтэграцыі. Мне хочацца, каб Беларусь была еўрапейскай краінай»

Фрагменты інтэрв’ю – пра нафту, мову і перспектывы дагнаць Польшчу.

Сямён Добкін

Сямён Добкін — гендырэктар ААТ «Галаўное спецыялізаванае канструктарскае бюро». Старэйшы брат стваральніка кампаніі EPAM Аркадзя Добкіна. Прыводзім некалькі фрагментаў вялікага інтэрв’ю бізнэсоўца Нашай Ніве.

Пра нафтагазавую іголку

— Вы можаце як энергетык патлумачыць, як бы нам саскачыць з расійскай энергетычнай іголкі?

— Я думаю, што вуглевадароды мы і надалей будзем купляць, але менш, і яны будуць таннець. Тут нічога прынцыпова не зменіцца. Ну з гледзішча эканомікі так — будзе шок, але трэба перажыць. Колькі там у прыбалтаў часу заняла адаптацыя падобная, 10 год? Перажывем. І будзем незалежнымі.

Я скажу тое, што сёння схавана ад вачэй, але вельмі важна: Беларусь у сферы ЖКГ за апошнія 20 год замясціла газ на 25-30%, асобныя гаспадаркі, пэўна, пад 40%. Гэта вялізнае дасягненне для любой краіны. Мы замясцілі газ шчапой — дрэвам, якое робім самі.

Мая кампанія таксама ўключылася ў працэс, мы вырабляем тэхніку для гэтага паліва.

Ну і вось АЭС запусцім, я думаю, будзе карысць з гэтага ў той праекцыі, у якой вы пытанне задалі. Цяпер таксама з’яўляецца маса тэхналогій, якія зніжаюць узровень спажывання і газу, і нафты.

Пра ўзаемадносіны з Расіяй

— Цяпер грамадства гаворыць пра інтэграцыю з Расіяй — што думаеце?

— Я праціўнік інтэграцыі. Мне хочацца, каб Беларусь была еўрапейскай краінай, каб інтэграцыя звялася да звычайных гаспадарчых адносін. Каб з Расіяй адносіны былі такія ж, як з Польшчай. Але каб засталася мытная прастора, ад гэтага не трэба адмаўляцца. І не таму што льготы, а таму што адсутнасць граніцы для тавараў — гэта добра.

Пра шанцы дагнаць Польшчу

— Дык а рэальна нам Польшчу дагнаць? Недзе чытаў эканаміста, які тлумачыць, што з існым тэмпам росту нам ледзь не 200 год трэба.

— Я таксама гэта чытаў. Але калі паставіць Беларусь у роўныя прававыя ўмовы з палякамі, а таксама зрабіць крокі ў частцы доступу да фінансаў, то дагонім за 15 год.

Нам перадусім не хапае фінансаў — я кажу пра прыватны сектар. Тут яшчэ засталося дастаткова людзей, якія маюць і кваліфікацыю, і адукацыю, і ўзровень прадпрымальнасці.

А што для гэтага рабіць? Ну тут эканамісты лепш адкажуць: падымаць рэйтынг краіны, каб сюды прыйшлі грошы, банкі.

Пра беларускую мову

— У вас вельмі патрыятычныя развагі. А патрэбу вывучыць беларускую мову вы ўжо адчулі?

— Я мінчук, я габрэй. Беларускую мову я вучыў у школе, аднак па-беларуску не гаварыў. Але я прыхільнік таго, каб тут усё было па-беларуску. Было б правільна, каб усё справаводства пераведзена было б на беларускую. Я б тады вывучыў гэтую мову з задавальненнем.

Чаму не вывучу так? Разумееце, я не актыўны элемент у гэтым працэсе, я вельмі загружаны ў сваёй рабоце, вяду замкнёнае жыццё і пры існым стане рэчаў мне няма дзе сутыкнуцца з беларускай мовай.

Але вось і мая дачка таксама так лічыць, што гэта трэба зрабіць адміністратыўна. Гэта некалі намячалася, наколькі я ведаю. Але, на жаль, не ўдалося. Можа быць, яшчэ не позна прыняць такое рашэнне?

Вось я маю магчымасць перыядычна сустракацца са школьнікамі, у Мінску прынамсі з імі гавару рэгулярна. Іх стаўленне да беларускай мовы за апошнія 5 год змянілася радыкальна, таму я і звярнуў на гэта ўвагу, што цяпер яна ў іх на парадку дня.

Гады 3-4 таму яны не хацелі чуць пра беларускую мову нічога, а цяпер яны вучаць і спрабуюць гаварыць. З чым я звязваю гэтую прыхільнасць? Напэўна, дзеці ўжо адчулі сябе беларусамі, яны хочуць жыць у сваёй краіне, мець маркёры. Дзеці разумеюць, што мова павінна быць свая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(37)