«Біў дзяцей, калі прайграваў у танчыкі»
У Мазыры судзяць бацьку, які забіў непаўналетніх сына і дачку.
31 студзеня жыхар Мазыра Кірыл забіў дваіх дзяцей: 17-гадовага сына Уладзіслава і дачку, 9-гадовую Кіру. Пасля мужчына спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, выкінуўшыся з акна чацвёртага паверха, але выжыў. Сёння ён на лаве падсудных.
Раніцай у раённым судзе Мазыра пачалося выяздное пасяджэнне Гомельскага абласнога суда.
Абвінавачаны, 39-гадовы Кірыл Казачок, — звычайны лысаваты мужчына ў спартыўным трыко і акулярах.
Кірыл Казачок
Казачок адварочваў галаву ад прысутных і глядзеў перад сабою.
«Як спіна, баліць?» — пацікавіўся суддзя Харошка. Казачок адмоўна пакачаў галавой.
Па версіі следства, Кіру і Улада іх бацька забіў у сваёй кватэры. Хлопцу, калі той сядзеў у кампутара, мужчына нанёс удар цяжкім прадметам па галаве і задушыў, потым паўтарыў тое ж і з дачкой. Затым Казачок прыехаў у кватэру, дзе жыла яго жонка і там выкінуўся з вакна чацвёртага паверху. Але выжыў, працяглы час правёў у рэанімацыі. Дарэчы, мужчына быў п'яны, у крыві знайшлі каля 2 праміле алкаголю.
Сёння Казачок размаўляе з цяжкасцю, моцна заікаецца, гаворыць вельмі павольна. Гэта наступствы спробы самагубства.
Раней мужчына ўжо быў судзімы: у канцы 90-х адбыў 1,5 года «хіміі» за хуліганства.
Пацярпелай па справе праходзіць жонка Казачка — 36-гадовая Настасся. Дарэчы, яшчэ да трагедыі жанчына хацела сысці ад мужа, забраўшы старэйшага сына Уладзіміра.
А двое малодшых засталіся з бацькам...
Пракурор і адвакат папрасілі зрабіць пасяджэнне закрытым: «будуць агалошвацца інтымныя моманты» з жыцця супругаў.
Суддзя пацікавіўся меркаваннем абвінавачванага:
«У мяне маленькая папраўка: па жыцці я Казачок, а не Казачык. Не мяняйце прозвішча», — нечакана папрасіў мужчына.
Суддзя ўдакладніў, што пытаецца пра закрытае пасяджэнне.
«Мне без розніцы», — паціснуў плячыма Казачок.
Суддзя Харошка аб’явіў пасяджэнне закрытым.
Калі Кірыла Казачка прызнаюць вінаватым, яму можа пагражаць пажыццёвае зняволенне ці нават расстрэл.
«Больш не магу шукаць пяты вугал, калі бацька прайграе ў танкі»
«Чалавек ён неадэкватны, і быў такім з самага дзяцінства. Я даўно ведаю і яго, і Настассю, мы ўсе з аднаго раёна», — кажа Уладзімір Апольскі, сённяшні сужыцель былой жонкі Кірыла Казачка.
Уладзімір Апольскі
Па яго словах, у лістападзе 2014 года яны з Настассяй канчаткова зразумелі, што кахаюць адзін аднаго. Але жанчына так і не сышла ад Казачка да яго — усё ж такі дзеці. Сустракаліся напаўтаемна, Настасся жыла то з Уладзімірам, то з мужам і дзецьмі. А Кірыл пачаў актыўна выкарыстоўваць дзяцей, каб маніпуляваць жанчынай.
«Так, ён іх вельмі любіў. Але любіў своеасабліва... Ён мог лёгка іх апрануць і адкрыць вокны, марозіў іх...Потым званіў нам, расказваў пра гэта. Ці званіў, казаў, што апранае дзяцей і збіраецца весці іх тапіць... Адкрываў газ і званіў нам... Мы прыязджалі, дзеці былі дома, газ быў адкрыты...», — расказвае Уладзімір.
Па яго словах, такім чынам Казачок хацеў вярнуць сваю жонку.
Таксама Апольскі кажа, што 19-гадовы Валодзя, старэйшы сын Настассі і Кірыла, расказваў, як бацька нярэдка зрываўся на іх з братам. Але дачку, Кіру, не чапаў ніколі.
«Валодзя прызнаваўся мне, што бацька біў і яго, і брата, Уладзіка. Кажа: «Я больш не магу шукаць пяты вугал кожны раз, калі ён прайграе ў танкі. А прайграваў той рэгулярна», — кажа Апольскі. — Я ўжо пасля ўсяго быў у той кватэры — там ва ўсіх пакоях у дзвярах ручкі выламаныя. Ці ён ламіўся да дзяцей, ці што... Я не ведаю».
«Рыхтуйце чорнае адзенне»
На пытанне, чаму не забралі дзяцей, калі бачылі, што з Казачком не ўсё добра, Уладзімір адказвае так:
«Гэта да суда пытанне, не да мяне. Суд вырашыў, што дзеці павінны застацца з бацькам, па месцы прапіскі».
Уладзімір сцвярджае, што некалькі разоў яны з Настассяй забіралі дзяцей да сябе, але потым ізноў вярталі іх бацьку, бо баяліся інспекцыі па справах непаўнагадовых. А інспекцыя вырашыла, што дзеці абавязкова павінны жыць там, дзе прапісаныя.
Да таго ж, прызнае Уладзімір, пагрозы былі пастаяннымі. Таму, як бы гэта не гучала, да іх фактычна ўжо прывыклі.
«Ён пагражаў увесь час штосьці зрабіць, і пісаў СМС: «Рыхтуйце чорнае адзенне», «Я вам зраблю сюрпрыз» і мне, і Настассі... Але ж так было ўвесь год, ніхто ж не чакаў, што ён усё ж штосьці зробіць», — кажа Апольскі.
Але аднымі пагрозамі справа не абмяжоўвалася. Казачок рэгулярна біў сваю жонку.
«Яна і з дзецьмі хадзіла да яго, Казачок зламаў ёй нос. Настасся казала: «Я ўжо і не памятаю, які гэта раз ён мне нос ламае: ці то дзявяты, ці то адзінаццаты». У яе цела няма, усё цела ў шнарах, — расказвае Уладзімір. — А калі я яе забіраў, калі яна канчаткова сыходзіла да мяне, у канцы 2015 года ўжо, то Кірыл проста пераламаў ёй пальцы. Заціснуў дзвярыма».
Збіццё — не пагрозы. Апольскі сцвярджае, што Настасся не цярпела, выклікала міліцыю. Але ж ніводнага разу крымінальную справу так і не ўзбудзілі.
«Міліцыя была ў іх пастаянна. Але ці то ім не надта хацелася ўлазіць ва ўсё гэта, ці то Кірыл так загаворваў ім вушы добра... Настасся ўвогуле казала, што аднойчы міліцыянты пагражалі, што на яе справу завядуць — надта часта іх выклікае», — кажа Уладзімір.
Увогуле, каханне Кірыла Казачка вынесці было няпроста. Па словах Уладзіміра, Казачок усё жыццё паталагічна рэўнаваў жонку, нават калі не было нагоды:
«Насця ў яго «з усімі спала». Ну, ён так лічыў. Спачатку пагражаў, потым прасіў: «Ты спі з кім хочаш, толькі мяне не кідай»».
«Мы ставім свечку за яго здароўе»
Сённяшняе жыццё Настассі і Уладзіміра шчаслівым не назавеш. Жанчына змагаецца з анкалогіяй. Была адна аперацыя, другая, але метастазы пайшлі далей.
Старэйшы сын ад шлюба Настассі з Казачком, Валодзя, знаходзіцца ў жорсткай дэпрэсіі.
«У яго апатыя абсалютная да ўсяго», — распавядае Уладзімір.
Сёння хлопец на бальнічным, не прыйшоў нават на суд. Не ходзіць ён і на вучобу ў мясцовы педагагічны інстытут.
«Часам я заходжу да яго ў пакой, а Валодзя праглядае старыя здымкі, дзе Уладзік, дзе Кірачка, — кажа Уладзімір. — Тыдні два таму ён сказаў, што не разумее і не хоча разумець людзей. Але цяпер, здаецца, адчувае сябе лепш».
Дарэчы, каб не Казачок, то ўсё было б нармальна, упэўнены Уладзімір. З дзецьмі Настассі адносіны ў яго наладжваліся:
«Валодзя, я татам цябе зваць не буду, але прозвішча тваё вазьму», — мне так Кірачка казала».
Але ж нягледзячы на ўсё, што здарылася, смерці Казачка не хочуць ні Уладзімір, ні Настасся.
«Мы ходзім у царкву, ставім свечку за яго здароўе. Не жадаем смерці і спадзяемся, што яго не расстраляюць. Я разумею, што пажыццёвае аплочваецца з бюджэту, але... я гатовы сам аплачваць яго [Казачка] жыццё», — кажа Уладзімір.
Настасся развялася з мужам у красавіку, праз два месяцы пасля трагедыі. Сёння яны з Уладзімірам Апольскім плануюць ажаніцца.
«Нам у царкве сказалі, што лепш пачакаць год пасля бяды. Таму ў лютым, напэўна, яна стане маёй жонкай», — кажа Апольскі.
А сам Кірыл Казачок ужо напісаў з СІЗА некалькі лістоў сваёй былой жонцы. У іх ён ва ўсім абвінавачвае Уладзіміра. Піша, што той «залез у іх з Настассяй шчаслівае жыццё».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное