Общество

Біскуп Віцебскі: падлік галасоў не цалкам карэктны, пабудаваныя на крыві сістэмы ў гісторыі ніколі не былі трывалымі

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуўся да суайчыннікаў з нагоды масавых пратэстаў у краіне.

«Наша краіна перажывае не самы лёгкі час сваёй гісторыі, – піша іерарх каталіцкай царквы. – Чарговыя выбары выклікалі ў нашым грамадстве крызіс, у які выліліся напружанасць перадвыбарчай кампаніі і, усё ж такі, не цалкам карэктны падлік галасоў.

Аднак кожны крызіс побач з балючасцю яго працэсу заўсёды хавае ў сабе пазітыўны патэнцыял зменаў на лепшае. Як яго раскрыць?

Напэўна, гэта не адбудзецца на шляху гвалту і нянавісці. Пабудаваныя на крыві сістэмы ў гісторыі ніколі не былі трывалымі, а Справядлівасць заўсёды вяртала здзейсненае тым, хто пераступаў усялякія людскія (не кажучы ўжо пра Божыя!) нормы.

Таму выйсце толькі адно — трэба шукаць праўду! Гэта важна, каб быць пэўным, што абараняю менавіта праўду, а не падман. І трэба ведаць, што праўды напэўна не будзе там, дзе ёсць гвалт.

Трэба размаўляць і мець добрую волю пачуць адно аднаго! Калі хочам будаваць  цывілізаваную краіну, то і сродкі вырашэння канфліктаў у нас няхай будуць цывілізаваныя.

Няхай Бог будзе нам у гэтым дапамогай, бо Ён ведае, што дабро заўсёды мацнейшае за зло. Варта, каб кожны з нас сёння пра гэта памятаў.

Зразумела, што мы не жывем у ідэальным свеце. І ніхто не жыве ў ім, але заўсёды можна даць шанец разважлівасці і здароваму розуму. Заўсёды!

Да гэтай разважлівасці заклікаю сёння кожнага, хто жыве ў Беларусі. Як вядома, эмоцыі нікому і ніколі не былі яшчэ добрым дарадчыкам, а вось ахвяры яны могуць сабраць шматлікія. Гэтага ні ў якім выпадку нельга дапусціць!

Таму скіроўваю гарачую просьбу да ўсіх веруючых людзей, перадусім да католікаў, аб малітве за нашу краіну. Мы маем вельмі дзейсную «зброю» на такія сітуацыі — Ружанец. Неаднойчы гэтая малітва ратавала людзей і цэлыя краіны ў цяжкія хвіліны, няхай і нам з’яднае сёння Божую дапамогу і падтрымку.

Заахвочваю маліцца прынамсі адной таямніцай Ружанца ў дзень у інтэнцыі мірнага вырашэння складанай сітуацыі у нашай краіне, а таксама ахвяраваць у гэтай інтэнцыі пост! Даручым заступніцтву Багародзіцы, нашай Маці, а таксама Святому Арханёлу Міхалу наш сённяшні дзень і нашую будучыню!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)