Біскуп Касабуцкі – Лукашэнку: «Касцёл моліцца за тых, хто дае і выконвае злачынныя загады супраць народа»
Біскуп Юры Касабуцкі адказаў на закіды ў адрас Тадэвуша Кандрусевіча.
Фота Віталія Палінеўскага, catholic.by
— Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам было сказана шмат слоў пра Каталіцкі Касцёл у нашай краіне. Па першае, хачу звярнуць увагу на тое, што гэта не толькі і не столькі словы аднаго чалавека, колькі словы, падрыхтаваныя і ўкладзеныя ў яго вусны пэўнымі «ідэолагамі» і «паліттэхнолагамі», якія рыхтавалі гэту сустрэчу, — напісаў біскуп Юры Касабуцкі.
Словы на адрас мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, біскуп назыввае «абразай і паклёпам»:
— Гэты фэйк уяўляе сабой абсалютна нічым не абгрунтаваную хлусню, якая не вытрымала ніякай крытыкі. Гэта палітычная гульня і не больш.
На думку біскупа, «справа замежных святароў, якія служаць (і вельмі добра гэта робяць, палюбіўшы нашу краіну і наш народ!) у Беларусі, была заўсёды тэмай шантажу і ціску на Касцёл».
— Каталіцкі Касцёл сёння выступае супраць насілля, гвалту, здзекаў і катавання людзей, асаблівым чынам моліцца за палітвязняў, выступае супраць рэпрэсій і пераследу, супраць парушэння правоў чалавека, прыніжэння чалавечай годнасці, супраць звальнення з працы альбо адлічэння з навучальнай установы за погляды, незгодныя з афіцыйнай ідэалогіяй.
Касцёл заклікае да адзінства, салідарнасці, падтрымкі адно аднаго, да быцця адным народам, нацыяй. Касцёл моліцца за тых, хто дае і выконвае злачынныя загады супраць народа…
А ўсё гэта ў нашай краіне сёння лічыцца чымсці дрэнным. Таму трэба было плюнуць у Каталіцкі Касцёл і абліць яго брудам, — падкрэсліў Касабуцкі.
Біскуп таксама пракаментаваў уручэнне грамат Апостальскім Нунцыем:
— Калі казаць коратка, то ўсё робіцца згодна з пратаколам дыпламатыі. Беларусь і Ватыкан маюць дыпламатычныя адносіны. Як і кожны пасол краіны, Нунцый уручае граматы таму, хто здзяйсняе рэальную ўладу ў краіне. Такія цэрэмоніі адбываюцца некалькі разоў на год, па меры неабходнасці. З моманту ўручэння граматы пасол якбы афіцыйна выконвае функцыю прадстаўніка сваёй краіны (у нашым выпадку Папы Рымскага) у дадзенай краіне.
Біскуп Касабуцкі: «Ідэолагі працуюць дзень і ноч, каб задушыць голас сумлення»
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное