Комментарии
Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»

Без «сакралаў»

Калі няма аргумэнтаў, тады гучыць слова «сакральны».

Адказ на пытаньне «Салідарнасьці» палкоўніка Макарава з мінабароны: «Историки говорят о том, что 23 февраля 1918 года Минск и Беларусь были под немецкой оккупацией. — Совершенно верно. Но речь идет о сакральном символе. Ибо Беларусь была, есть и останется республикой, которая является духовным продолжателем традиций и Красной армии, и Советского союза. Лучших традиций. Продолжателем традиций государства, которое спасло человечество».

І канешне ж, паралельна з гэтым лукашэнкаўскія ідэёлягі заяўляюць: не-не, нам ня трэба Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, яго ж выкарыстоўвалі акупанты!

З прыходам Лукашэнкі гісторыя краіны пішацца з 1944 году, у лепшым выпадку — 1917-га (пры тым што даказана: не было б Сталіна, увогуле панаваньня камунізму ў СССР — не развязаў бы Гітлер вайну).

Палкоўнік Макраў ня вельмі хлусіць: сапраўды, цяперашняя «республика» (ён, канешне ж, ня можа вымавіць «страна») — працяг традыцый самай антыгуманнай у гісторыі чалавецтва дзяржавы, дзе тыя, хто сапраўды абараняў сваю зямлю, былі кінутыя ці ў галечу, ці ў ГУЛАГ, дзяржавы з жорсткай дыктатурай, поўным свавольствам «вярхоў» і поўнай безабароннасьцю «нізоў» (зразумела, пры бескантрольным уладараньні гэбэ).

Вось гэта і ёсьць — квінтэсэнцыя СССР, яго «лучшие традиции», вось чаму вобразы Леніна-Сталіна-Андропава гэтак вабяць Лукашэнку.

Менавіта таму ў новай, ў іншай Беларусі давядзецца адмаўляцца ад савецкіз «сакралаў» — хай бы нават у некаторых з нас, старэйшых, яны абуджалі салодкія ўспаміны юнацтва — Horst-Wessel-Lied ў якіх 1950-ых у немцаў таксама мог выклікаць настальгію па маладосьці, ды неяк жавось пражылі без фашыстоўскіх маршаў. І дасягнулі пазыцыі наймагутнейшай краіны Эўропы. Тады як наўпроставая (юрыдычная) пераемніца СССР, усходня сусудка Беларусі, ва ўсю глотку сьпявае «Нескорушимая и легендарная, в боях познавшая радость побед» — пры тым што чвэрць (па іншых зьвестках — траціна) насельніцтва жыве ва ўмовах «удобства во дворе».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)