«Без алкаголю і інтэрнэту добра прачышчаюцца мазгі» (дададзена)
Напярэдадні свайго пяцідзесяцігадовага юбілея, праваабаронца Алесь Бяляцкі актыўна працуе над кнігай, вядзе перапіску і не губляе моцы духу. Акрамя таго сёння стала вядома, што кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна» вылучылі на прэмію Сахарава.
Наталля Пінчук: «Ён там на працы шэсць дзен з сямі»
– Атрымліваю лісты ад Алеся так часта, як магчыма. Бываюць і тэлефонныя размовы, – кажа «Салідарнасці» жонка праваабаронцы. – Пра свае уласнае становішча ён піша мала. На здароў’е і ўмовы ўтрымання не скардзіцца. Аб гэтым даводзіцца толькі здагадвацца.Па словах жонкі, палітзняволены вельмі шмат працуе.
– Ён там на працы шэсць дзен з сямі, – распавядае Наталля Пінчук. – Піша, што часам настолькі стамляецца на працы, што сілаў застаецца толькі на тое, каб прачытаць карэспандэнцыю. Але ён не губляе сілы, стараецца і гэта абнадзейвае.
Алена Лапцёнак: «Здзіўляюся, як ён усё паспявае, не зважаючы на рэжым і месца, дзе знаходзіцца»
– Алесь піша ўсім, з кім падтрымліваў сувязь на волі, – распавяла калега праваабаронцы з цэнтру «Вясна» Алена Лапцёнак. – Мы рыхтуем сур’ёзную кнігу, якая будзе складацца з яго літаратуразнаўчых артыкулаў і эсе. Акрамя гэтага ў ёй будуць змешчаны і ўспаміны Алеся пра гісторыю праваабарончага руху.
Па словах суразмоўцы, нават у турме славуты праваабаронца не перапыняе працу.
– Ён вычытвае кніжку, уносіць праўкі. Паколькі кніга сур’ёзная – хацелася б зрабіць грунтоўна. Нават не спяшаемся, каб паспець да 50-гадовага юбілея Бяляцкага (25 верасня 2012 года), бо лепей зрабіць усё дакладна. Тыя, хто цэнзуруе лісты Бяляцкага, нам не прерашкаджаюць.
Алена Лапцёнак кажа, што пра асабісты побыт у турме Бяляцкі піша сцісла:
– Алесь стараецца весці актыўнае жыццё і, шчыра сказаць, здзіўляюся, як ён паспявае і пісаць, і адказваць на лісты, і хадзіць на працу, не зважаючы на рэжым і месца, дзе знаходзіцца. У адным з лістоў адзінае зазначыў, што час без алкаголю і інтэрнету вельмі прачышчае мазгі і успаміны становяцца яркімі. Там жыццё аднастайнае і запаволенае, відаць і цягне на гэтыя ўспаміны.
Бяляцкага вылучылі на прэмію Сахарава
13 верасня стала вядома, што кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна», якi зараз адбывае пакаранне за нібыта не выплату падаткаў, вылучылі на прэмію імя Сахарава.
Гэтая прэмія заснавана ў 1988 годзе Еўрапейскім парламентам. Узнагарода ўручаецца штогод за дасягненні ў наступных галінах: абарона правоў чалавека і яго асноўных свабод; развіццё дэмакратыі і адстойванне вяршэнства закона; павагу да міжнароднага заканадаўства; абарона правоў меншасцяў, паведамляе camarade.biz.
Акрамя беларускага палітвязня ў гэтым годзе на прэстыжную ўзнагароду прэтэндуюць:
Joseph Francis;
Victoire Ingabire, Déogratias Mushayidi, Bernard Ntaganda;
Pussy Riot;
Nasrin Sotoudeh and Jafar Panahi.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное