Политика

«Белсат» узначаліла намесніца Рамашэўскай. Мажэйка звольніўся «па ўласным жаданні»

Пасля раптоўнага звальнення дырэктаркі «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай, з канала сышоў вядучы праграмы «Госць Белсату» Павел Мажэйка. Тым часам кіраўніцтва Польскага публічнага тэлебачаньня TVP упэўнівае, што ліквідацыі тэлеканала «Белсат» не плануецца. А пасаду Рамашэўскай заняла яе былая намесніца -- Беата Паклепа.

Як паведамляе «Радыё Свабода», заяву на звальненне па ўласным жаданні Павел Мажэйка напісаў два дні таму, калі стала вядома пра сыход дырэктаркі каналу Агнешкі Рамашэўскай.

Свой учынак Павал Мажэйка пракаментаваў «Еўрарадыё» лаканічна: «Магу сказаць, што гэта абсалютна звязана са звальненнем дырэктара Рамашэўскай».

Журналіст працаваў на «Белсаце» ад самага пачатку, калі праект быў толькі ў планах. І рашэнне пра сыход для яго было нялёгкім.

– Мне падабалася працаваць на «Белсаце»..., – адзначыў Павал Мажэйка.

Тым часам, як паведамляе БелаПАН, кіраўніцай тэлеканала «Белсат» прызначаная Беата Паклепа, якая раней займала пасаду намесніцы дырэктара канала. У дадзены момант спн.Паклепа знаходзіцца ў замежнай камандзіроўцы, адкуль павінна вярнуцца праз два дні.

У сувязі з выказванем Агнешкі Рамашэўскай, што яе адстаўка можа азначаць ліквідацыю тэлеканалу «Белсат», праўленьне TVP ужо зазначыла, што канал ажыццяўляе сваю дзейнасьць са сродкаў, незалежных ад Польскага публічнага тэлебачаньня.

– У сувязі з гэтым, у цяперашні час, праект не знаходзіцца пад пагрозай і будзе рэалізоўвацца, – зазначаецца ў прэсавым рэлізе Праўленьня TVP.

Адзначым, што паралельна са звальненнем Рамашэўскай сваю пасаду быў вымушаны пакінуць намеснік дырэктара Ўсходняга дэпартамента МЗС Польшчы, куратар беларускай праблематыкі Марыюш Машкевіч.

Ён падцвердзіў Еўрарадыё, што быў звольнены не па сваёй ініцыятыве:

– Я толькі магу пацвердзіць, што гэта адбылося не з маёй ініцыятывы і каментаваць гэтага не буду, таму што застаюся на дзяржаўнай службе.

Марыюш ухіліўся ад пытання пра магчымыя змены ў палітыцы Польшчы ў дачыненні да Беларусі, але адзначыў, што перамога Мінску відавочная:

– Ёсць такія падзеі, як звальненне Рамашэўскай, што, думаю, у беларускім КДБ адкрываюць шампанскае і будуць нават атрымліваць узнагароды.

Нагадаем, Марыюш Машкевіч – колішні амбасадар Польшчы ў Беларусі. Ён быў затрыманы ў Мінску падчас разгону намётавага мястэчка ў сакавіку 2006 года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)