Спорт
Сяргей Мельнік, by.tribuna.com

Белавус: «Наш футбол як ніякі іншы спорт надае ўвагу сімвалам і мове»

Стваральнік «Арт-Сядзібы» і symbal.by – пра супрацу з АБФФ.

Павел Белавус, фота Сяргея Гапона

На днях футбольная федэрацыя сумесна з анлайнавай крамай symbal.by і культурніцкай арганізацыяй «Арт-Сядзіба» анансавала прэзентацыю новай формы зборнай Беларусі. Імпрэза адбудзецца 3 верасня ў 19.30 каля Нацыянальнага мастацкага музея.

Гэта ўжо не першы прыклад супрацы АБФФ і крамы symbal.by. Два гады таму быў створаны брэнд «Белыя крылы», а летась прайшоў конкурс «Мова. Музыка. Футбол». Пра рэбрэндынг іміджа зборнай гутарым са стваральнікам праектаў «Арт-Сядзіба» і symbal.by Паўлам Белавусам.

— Павел, як наогул пачалося супрацоўніцтва з футбольнай федэрацыяй?

— Супрацоўніцтва пачалося, калі з’явіліся «Белыя крылы». Які гэта год быў… Здаецца, 2016-ы. Так, калі федэрацыя футбола запусціла рэбрэндынг нацыянальнай зборнай і паднесла ўсю ідэю з «Белымі крыламі», нам вельмі спадабалася, паколькі гэта супадала з дзейнасцю, якой займалася наша крама.

Яшчэ цікавы факт: памятаеце зорку на форме «Белыя крылы»? Калісьці, колькі гадоў таму, мы ўзялі зорку з таго арнаменту для лога symbal.by. Мы жартавалі, што сталі тытульным спонсарам зборнай па футболе.

Тады яшчэ не было моды ствараць лагатыпы на аснове арнаментальных сімвалаў. Мы, мабыць, першыя, хто ўзяў адзін элемент з арнаменту і ўпісаў яго ў лагатып нашай кампаніі.

Паколькі ў федэрацыі ёсць жаданне прасоўваць беларускую мову і нацыянальныя сімвалы, з’явілася ідэя, чаму б не паспрабаваць зрабіць што-небудзь сумесна.

Я проста напісаў у Фэйсбуку Дзмітрыю Герчыкаву: «У нас ёсць ідэя запусціць конкурс «Мова. Музыка. Футбол», каб беларускія гурты напісалі песні на тэму падтрымкі беларускай зборнай. І усё гэта разам сфармаваць у такую кампанію».

Як ні дзіўна, Зміцер адрэагаваў вельмі хутка, мы сустрэліся з кіраўніцтвам федэрацыі і пачалі гэтую справу. Нам даслалі некалькі дзясяткаў кампазіцый, з іх адабралі лепшыя. Пасля было галасаванне, запіс у студыі, і ў выніку мы выпусцілі дыск. Завяршэннем той кампаніі стаў канцэрт перад  фіналам Кубка Беларусі-2017 у Гродне.

Самае цікавае, што ўсё адбывалася з імпэтам, у нас не было асаблівага бюджэту, даводзілася звяртацца да розных партнёраў. Зрабілі ўсё, бо просто гарэлі гэтым, і нам падабалася ідэя: нацыянальны футбол, ён як ніякі спорт у Беларусі надае ўвагу сімвалам і мове.

Сёлета, здаецца, толькі дзве каманды вышэйшай лігі не маюць надпісаў гульцоў на беларускай мове. Гэты факт сведчыць аб тым, што і ў заўзятараў ёсць падтрымка. Сярод усіх відаў спорту беларуская тэма найбольш праяўляецца менавіта ў футболе.

На фінале Кубка Беларусі ў Гродне мы пазнаёміліся з Сяргеем Румасам. Тады абмяняліся меркаваннем, што беларускую тэму трэба развіваць надалей.

Федэрацыя прапаноўвала запусціць другую частку конкурсу «Мова. Музыка. Футбол», але мы падумалі, што адно і тое ж паўтараць будзе не вельмі цікава.

Некалькі месяцаў таму з Дэпартамента маркетынгу федэрацыі да нас звярнуліся і сказалі, што хутка пачнецца Ліга нацый, у зборнай будзе новая форма, давайце нешта зноў будзем рабіць разам. У выніку пачалі новы этап супрацоўніцтва.

— Ці былі знаёмыя з Герчыкавым, калі пісалі яму?

— Мы былі сябрамі ў фэйсбуку, але асабіста знаёмыя ніколі не былі. Гэта была проста спантанная ідэя: каму напісаць? О, напішу Змітру, бо ведаю, што ён там працуе. А пасля гэта ўсё перерасло ў праект.

Пачыналі супрацоўнічаць з федэрацыяй, калі кіраўніком Дэпартамента маркетынгу быў Уладзімір Беражкоў. Цяпер ім з’яўляецца Юрый Садоўскі. Абмяркоўваем з ім наўпрост усе ідэі і пытанні.

— Калі вы абмяркоўваеце ідэі, ці лёгка федэрацыя ідзе на кантакт?

— Мы збіраліся працоўнай групай «Арт Сядзіба» і symbal.by з аднаго боку, федэрацыя – з другога. Амаль усе ідэі, што мы прапаноўвалі, падтрымліваліся. Файна, што не толькі з’явіўся арнамент і прэс-рэлізы.

Афішы АБФФ таксама пачала рабіць па-беларуску. Нас як арганізацыю, што ў першую чаргу займаецца папулярызацыяй мовы і нацыянальных сімвалаў, гэтыя крокі натхняюць, каб што-небудзь рабіць разам з федэрацыяй.

У нас няма задачы нешта зарабіць, наша мэта – перадаць свой досвед у арганізацыі мерапрыемстваў, прома-акцый, а таксама базу кантактаў, ідэй, каб у выніку атрымалася нешта годнае.

Цяпер навідавоку прыклад Харватыі. Маленькая краіна, прыкладна параўнальная з Беларуссю, са сваёй культурай, унутраным стрыжнем, якая змагла паказаць сябе ўсяму свету.

Мая ідэальная мара, каб беларуская зборная і яе падтрымка ўсё лепшае бралі, напрыклад, ад Харватыі. Такія перамогі і дасягненні вельмі аб’ядноўваюць нацыю і папулярызуюць краіну. Зразумела, што чырвона-белая шашачная форма стала брэндам.

Хочацца, каб футбольным візуалам, па якім будуць пазнаваць Беларусь, стаў беларускі арнамент. Таму ён прысутнічае і на форме, і ў друкаванай прадукцыі, і ў фан-атрыбутыцы. Магчыма, ён сапраўды зможа стаць пазнавальным сімвалам Беларусі.

— Якія ўражанні ад знаёмства з Румасам?

 — Усе пытанні наконт праектаў і раней, і цяпер мы вырашаем з Дэпартаментам маркетынгу, але з Сяргеем Румасам было проста аднаразовае знаёмства. Прыемна, што тая ініцыятыва па заданні нацыянальнага каларыту, якая сыходзіць ад нас і ад федэрацыі, не ідзе пад прымусам, а сапраўды ад душы. Такі кірунак цалкам падтрымлівае і сам спадар Румас.

Францішак Вячорка, Сяргей Румас і Павел Белавус. Фота facebook.com/viachorka

— З прыходам Румаса на пасаду прэм’ер-міністра многія пачалі спрачацца, ці пачнецца беларусізацыя. На ваш погляд, ёсць  перадумовы?

— Цяжка сказаць, ці зменіць цвёрдая беларусізацыя мяккую. Калі я даведаўся аб прызначэнні Румаса прэм’ер-міністрам, зразумеў для сябе, што гэты чалавек пазітыўна і лаяльна ставіцца да беларускай мовы і сімвалаў.

Ставіцца да іх як да нацыянальных, а не апазіцыйных. Румас мае нармальную здаровую пазіцыю наконт беларускіх сімвалаў, таму мне здаецца, што горш дакладна не павінна стаць. Была такая гісторыя калі ён размаўляў з міністрам унутраных спраў на тэму цішотак з «Пагоняй» і бел-чырвона-белага сцяга на матчах.

Пры Румасе мы ўбачылі, што на адборачных гульнях нацынальнай зборнай людзі спакойна трымалі гістарычныя сімвалы. Некалькі гадоў таму маглі ўзнікнуць праблемы. А ў апошні час я не чуў такіх гісторый.

Так адбываецца дзякуючы яго адэкватнай пазіцыі як наконт гістарычных нацыянальных сімвалаў, так і сучасных дзяржаўных – гэта ўсё побач, і з’яўляецца нашай агульнай гісторыяй.

— Федэрацыю не бянтэжыла тое, што раней на «Арт Сядзібу» аказваўся ціск? У краме былі ператрусы, вы некалькі разоў мянялі офіс...

— Ператрусы ў краме ніколі не праводзіліся. Да нас прыходзіла міліцыя і цікавілася, хто мы такія і што робім. Асабліва у symbal.by ніколі не было такіх гісторый, каб на нас ціснулі. Нядаўна была цікавая гісторыя: да нас прыехаў супрацоўнік міліцыі і кажа:

— На вас прыйшла ананімка.

— Што за ананімка? — пацікавіліся мы.

— Паскардзіліся, што ў вас прадаецца забароненая нацысцкая сімволіка.

— А ў нас такого няма. Можаце праверыць. Ёсць гістарычныя сімвалы Беларусі. У тым ліку, калі гаварыць пра «Пагоню» і бела-чырвона-белы сцяг, мы не кажам, што гэта апазіцыйныя сімвалы. Як бы пасля ні змянялася ўлада, кіраўнікі, палітыкі, у гісторыі назаўжды застанецца, што гэта першыя дзяржаўныя сімвалы Беларусі, пад якімі краіна атрымала незалежнасць.

Міліцыянер выслухаў, праз некалькі дзён нам прыйшла папера, што справа спыненая з-за адсутнасці злачынства. Такія гісторыі ў нас здараліся, а каб нехта на нас ціснуў, такога ніколі не было.

Калі толькі пачынался «Арт Сядзіба», мы пераязджалі з месца на месца, бо ціснулі на ўласнікаў памяшканняў. Але дзякуючы таму, як мы правялі першы-другі дзень вышыванкі (а пасля гэтую ідэю падхапіла дзяржава), нарадзілі з федэрацыяй першы праект, арганізавалі вялікае свята да 100-годдзя БНР, сваімі дзеяннямі мы паказалі, што мы не ворагі краіны.

Мы ўсё робім дзеля таго, каб беларусы адчулі сябе беларусамі, зразумелі, што ў нас ёсць гісторыя, традыцыі, сімвалы, якія аб’ядноўваюць нацыю.

Футбол ­— раўно патрыятызм. Калі ты заўзееш за сваю краіну, гэта вялікая праява патрыятызму. Гэта ад нас ужо не залежыць, але вельмі хочацца, каб і зборная перамагала. Першая гульня «Дынама» з «Зенітам» натхніла беларусаў на тое, што мы можам. Але як гэта бывае, за цудам ідзе абвал у два разы горшы. Хочацца, каб гэтыя цуды здараліся часцей.

— Вы супрацоўнічаеце не толькі з федэрацыяй.

— Так. За апошнія два гады мы таксама дапамагалі і мінскаму «Тарпеда», і «Іслачы» рабіць івэнты. Яны да нас звярталіся, мы прапаноўвалі некаторыя гурты, якія потым выступалі перад матчамі на стадыёнах. Летась супрацоўнічалі з «Крумкачамі», мінскім «Дынама». Нават наш банер вісеў на стадыёне «Трактар».

На дзень вышыванкі гульцы «Дынама» выйшлі ў вышыванках. Усе гэтыя клубы, шчыра кажучы, самі да нас звярталіся, прыходзілі і казалі: давайце штосьці зробім разам. З «Тарпеда» рабілі сумесную пляцоўку на фестывалі «Наш дзень». Таму з футболам завязаныя не толькі праз зборную, але і з клубамі таксама працуем.

Самыя патрыятычна накіраваныя праявы менавіта ў футбольных заўзятараў. Як прыклады: перфомансы «Дынама-Брэст» і «Нёмана» да 100-годдзя БНР і гісторыя з абанементамі «Тарпеда-Мінск» з хэштэгам #бнр100.

Перфоманс гродзенскіх фанатаў «Нёмана» ў гонар 100-годдзя БНР

— У вас атрымалася папрацаваць з футбалістамі. Якія ўражанні?

— Калі падводзілі вынікі конкурсу «Мова. Музыка. Футбол», у нас было журы, у тым ліку мы апытвалі футбалістаў, ад усіх была пазітыўная рэакцыя. Магу ўзгадаць Арцёма Быкава. Па ім сапраўды бачна, што ён патрыёт Беларусі.

Файны прыклад Віталя Радыёнава, які не раз выступаў у падтрымку беларускай мовы і ўдзельнічаў у мерапрыемствах. Але хочацца, каб больш футбалістаў выказваліся ў падтрымку мовы і нацыянальных сімвалаў. Ведаю, што федэрацыя плануе працаваць у гэтым кірунку.

— 3 верасня пройдзе прэзентацыя формы нацыянальнай зборнай. Што гэта за мерапрыемства?

— Трэба пачаць з таго, што першы матч у Лізе нацый стартуе 8 верасня. Па маіх адчуваннях, федэрацыя вельмі сур’ёзна ставіцца да турніру. Гэта сапраўдны шанец для нашай зборнай выйсці на Еўра-2020.

Таму і гэтае мерапрыемства — адна з прома-акцый не толькі трох бліжэйшых матчаў. Мы пастараемся данесці, чаму важна падтрымліваць зборную і прыходзіць на стадыён.

Для Беларусі гэта будзе даволі новы фармат, калі прэзентацыя формы нацыянальнай зборнай адбываецца публічна з заўзятарамі. Усё пачнецца у 19:30, мы запрасілі вулічны тэатр, бубначоў, якія будуць падтрымліваць футбалістаў.

Будзе фотазона, аквагрым, музычная праграма з выступам вядомага гурта, які мы вырашалі пакуль не рассакрэчваць, каб людзі ў першую чаргу прыйшлі дзеля формы, а не музыкі. Заўзатары змогуць задаць любое пытанне футбалістам зборнай і сфоткацца з імі.

Можна будзе набыць квіткі на Лігу нацый і новую форму, наколькі я ведаю, па зніжаных коштах. Мы, symbal.by асаблівага дачынення да формы не маем, гэта праект Macron і БФФ, але мы прапанавалі федэрацыі распрацаваць заўзятарскую атрыбутыку: цішоткі, заплечнікі, кепкі, шалікі – усё гэта прэзентуем трэцяга чысла.

— Якія планы на будучыню?

— Наша задача вельмі простая: паказаць, што футбол – адзін з элементаў патрыятычнага выхавання беларусаў. Падтрымка зборнай, сваіх клубаў сапраўды важная. Калі ты падтрымліваеш сваіх, у галаве ёсць разуменне, што падтрымліваеш Беларусь. Хочацца, каб футбол, беларуская мова і культура ішлі побач.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)