Наста Ігнатовіч, "Еврорадио"
Беларусы заплацілі за ацяпленне як у 20-градусны мароз

Еўрарадыё зацікавілася, колькі газу дазволіла зэканоміць беларусам цёплае зімовае надвор’е. І ці адбілася гэта на жыроўках? Выявілася, што нягледзячы на абвешчаную агульную эканомію ў краіне беларусы за цяпло плацяць столькі ж, як і ў марозную зіму 2006 года.

Першым адкрыццём для нас стала тое, што дзяржава не эканоміць таму, што існуе план. Згодна з планам і працуюць у “Белтопгазе”. У прэс-службе канцэрна кажуць, што нават калі і была якая эканомія, то яна будзе зрасходавана падчас надыходзячых маразоў.

Белтопгаз: “Мы працуем па плане. Эканомія хоць і ёсць невялікая, але вось пачнуцца маразы — і яна будзе зрасходавана. Трошку эканомія ёсць, але гэта ў межах устаноўленага рэжыму. Гэтая цёплая зіма, канешне, унесла свае карэктывы. Мы планавалі большы расход. Але з выходных чакаюцца маразы, пахаладанні, таму мы зноў увойдзем у той рэжым, які запланавалі”.

Ці значыць гэта, што і на жыроўках цёплая зіма ніяк не адаб’ецца? Еўрарадыё параўнала жыроўкі за зіму 2006-2008. Цікава, што колькасць зрасходаваных гігакалорый у гэтых жыроўках амаль не адрознівалася.

У студзені 2008 года уладальнік стандартнай трохпакаёвай кватэры спажываў 1,58 гКал цяпла, а у студзені 2006 года – 1,59 гКал. Усяго на адну сотую больш. Пры тым, што зіма 2006 года была вельмі халоднай. На працягу 4 дзён студзеня тэмпература трымалася ніжэй за 20 градусаў, а 20 чысла была рэкорднай – ажно мінус 28ºC.

Па дадзеных Гідраметцэнтру сярэдняя тэмпература студзеня 2006 года склала мінус 8 ºC. Сёлета ж – усяго мінус 2,6 ºC:

Цікава, што два гады таму, каб маразы не ўдарылі моцна па кішэнях беларусаў, насельніцтву давалі субсідыі па цеплазабеспячэнні. Атрымоўваецца, што сёлета мы спажываем столькі ж цяпла, але субсідый ужо ніхто не дае. Бо няма маразоў…

Газета “Рэспубліка” запэўнівае, што “кліматычныя анамаліі на руку і шараговым спажыўцам энэргіі. Чым больш цёплае надвор’е, тым менш мы плацім за ацяпленне”.

Тэарэтычна гэта сапраўды так. Аб гэтым Еўрарадыё сказаў і інжынер аднаго з ЖЭСаў Мінску. Па яго словах, усе камунальнікі сталіцы атрымліваюць тэмпературныя графікі, згодна з якімі павінны падаваць цяпло - чым больш цёплае надвор’е, тым менш награваюць батарэі:

“Усе ЖРЭА горада атрымоўваюць цеплавыя графікі, зацверджаныя Мінгарвыканкамам. Пры нулі градусаў трубапровад, які падае ваду, напрыклад, павінен быць 65 ºC. Калі тэмпература паветра мінус 1 ºC, то ўжо будзе не 65 ºC, а 66 ці 67 ºC.

Чым больш цёплае надвор’е, тым меншую падаюць тэмпературу. У гэтым годзе цёплая зіма, суадносна менш затратаў будзе паліўна-энэргетычных рэсурсаў”.

Але падобна на тое, што такія графікі існуюць толькі ў тэорыі. А на практыцы пры любым надвор’і мы спажываем аднолькавую колькасць энэргіі. І, адпаведна, меней не плацім.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)