Общество

Беларусы, якія хварэлі на кавід тры і больш разы, расказваюць, як гэта

З пачатку пандэміі ў Беларусі прайшло ўжо чатыры хвалі захворвальнасці. Ёсць і такія «шчасліўчыкі», што паспелі схапіць вірус некалькі разоў. Людзі, якія перанеслі «карону» больш за тры разы, расказваюць, як гэта адбывалася і што за наступствы выявіліся, піша НН.

«Каранавірус ударыў па маёй нервовай сістэме: пачалася дэпрэсія»

Марыі 28 гадоў, яна працуе інжынерам-электрыкам на дзяржаўным прадпрыемстве. Дзяўчына перахварэла на кавід тры разы. Першы — у маі 2020 года, другі — у кастрычніку мінулада года, а трэці — зусім нядаўна, у лістападзе.

«Першы раз у мяне тэмпература была высокая некалькі дзён, адразу забалела горла, я пачала кашляць, — расказвае дзяўчына. — Выклікала доктара, ён сказаў, што прастуда. Мне дастаткова доўга не рабілі тэст.

Тэмпература спачатку некалькі дзён дарастала да 39, а потым трымалася на ўзроўні 37,5. Яна збівалася, але была жудасная слабасць. Нават цяжка было дайсці да прыбіральні. Таму я першыя некалькі дзён спала і больш нічога не магла рабіць. Амаль не ела, не адчувала смаку».
Калі Марыя хварэла першы раз, ёй зрабілі тэст на каранавірус праз два тыдні ад адкрыцця бальнічнага. Увесь другі тыдзень дзяўчына хадзіла ў паліклініку і скардзілася, што дрэнна сябе адчувае.

«Мне прапісалі антыбіётыкі. Я іх прапіла некалькі дзён, але яны не дапамаглі, — кажа Марыя. — Дактары прызначылі іншы антыбіётык, потым трэці. І калі пасля трэцяга нічога не адбылося, толькі тады ўзялі тэст. Каранавірус пацвердзіўся, далі аўтаматычна бальнічны яшчэ на тры тыдні. Атрымліваецца, я хварэла больш за месяц».

Яшчэ падчас першага звароту ў паліклініку Марыі зрабілі флюараграфію і рэнтген, а таксама праверылі ўзровень кіслароду.

«Усё было чыста. Доктарка слухала, лёгкія былі чыстыя і кісларод быў у норме, — успамінае дзяўчына. — Па адчуваннях, першы раз пераносіўся вельмі цяжка. Нават калі спадала тэмпература, была проста жудасная слабасць. Я зрабіла тэст на антыцелы пасля таго, як перахварэла першы раз. Антыцел было шмат, таму я вырашыла здаць сваю плазму як донар. Каб дапамагчы людзям, якія хварэюць».

«Трэці раз быў для мяне найлягчэйшы»

З першай хваробы Марыі прайшло чатыры месяцы — і нечакана дзяўчына захварэла другі раз. Гэта быў кастрычнік 2020 года.

«Я падумала, што проста прастыла. Адпрасілася з працы, каб падлячыцца за выхадныя. Але зноў стала паднімацца тэмпература, забалела горла і пачаўся кашаль, — кажа Марыя. — Звярнулася ў паліклініку — з такой тэмпературай мне не хацелі даваць бальнічны. Я папрасіла зрабіць тэст на каранавірус, а доктар адмовіла. Сказала, маўляў, калі вы хочаце выявіць каранавірус, — ідзіце платна здавайце. Я пайшла. У той жа дзень прыйшоў адказ: тэст станоўчы. Я нават потым напісала скаргу на доктара з-за гэтага.

Як пераносіла хваробу ў другі раз? Па адчуваннях, было лягчэй, але я хварэла вельмі доўга. Два месяцы была тэмпература. Прычыну так і не знайшлі: аналізы, КТ зрабілі, УГД. Але ўсё было нармальна».

Як і пасля першай хваробы, смак да Марыі вярнуўся хутка, літаральна праз некалькі дзён. Але не цалкам. Дзяўчына больш не можа есці курыцу.
«Не ведаю, чаму так, але не магу. Катлеты таксама не ем. З мясам ёсць пытанні пасля таго, як другі раз перахварэла, — расказвае яна. — Яшчэ адно з ускладненняў: каранавірус ударыў па маёй нервовай сістэме. У мяне пачалася дэпрэсія. П’ю цяпер лекі».

Але на гэтым гісторыя Марыі і хваробы не скончылася. Трэці раз дзяўчына захварэла ў снежні 2021 года. Зноў тэмература і боль у горле.

«Тры дні я проста спала па 15 гадзін. Потым пайшла рабіць платны тэст. Зноў паказала два плюсы, — успамінае яна. — Але трэці раз для мяне быў найлягчэйшы.

Упэўненая, што заразілася кавідам на працы, таму што ў мяне там шмат людзей. І пасля таго, як я захварэла другі раз, у нас амаль увесь аддзел злёг. Канечне, першы раз было страшна. Бо тады хворых яшчэ ў Беларусі было мала. І людзі не разумелі, што гэта за зараза. Мы з мужам выконвалі з самага пачатку масачны рэжым.

Хадзілі толькі на працу і ў краму. Але калі я хварэла першы раз, — муж не захварэў. Другі раз я хварэла ў кастрычніку, а муж захварэў толькі ў снежні разам з усім офісам».

«Дарэчы, вакцыны я не рабіла. Я не супраць прышчэпкі ўвогуле, але я хачу зрабіць вакцыну, якая будзе дзейнічаць усюды. Думалі паехаць у Еўропу і недзе там зрабіць прышчэпку. На момант, калі хварэла, у мяне быў толькі свой імунітэт. Вельмі спадзяюся, што чацвёртага разу са мной не адбудзецца», — заключае яна.

«Змяніўся смак — цяпер мне брыдка есці цытрусавыя»

Аляксею 20 гадоў, хлопец працуе спецыялістам у сферы IT. Ён хварэў на кавід тры разы: першы раз — у сакавіку 2020 года, другі — праз 8 месяцаў, трэці — у сакавіку 2021.

«Першы раз, калі хварэў, увогуле не было ніякіх сімптомаў. Проста праз 48 гадзін зніклі ўсе смакі, і я зразумеў, што гэта кавід, — расказвае малады чалавек. — Паехаў здаваць адразу тэст, і ён аказаўся станоўчым. Цячэнне хваробы было звычайнае — як прастуда. Была невялікая тэмпература — 37,5. Большую частку хваробы перанёс на нагах, адчуваў сябе нармальна. У другі раз усё было нашмат складаней — тэмпература пад 38, хацелася шмат спаць. А трэці раз зноў як першы. Амаль без сімптомаў».
Усе тэсты на каранавірус хлопец рабіў платна. Але калі прыйшоў да доктара, там сказалі, што медыкаментаў не будзе: маўляў, калі стане горш, тэлефануйце ў «хуткую».

«Можна іх зразумець. Бо бываюць выпадкі нашмат цяжэйшыя, чым у мяне, таму я супраць нічога не меў, — кажа хлопец. — Сказалі, што трэба есці шмат вострага, рассмоктваць пасцілкі ад кашлю, піць сіроп і прэпараты, якія разрэджваюць кроў. Калі параўноўваць усе тры разы, то па адчуваннях першы і трэці раз былі найлягчэйшымі, а другі самы цяжкі. Пасля кожнага разу я здаваў кроў на антыцелы. Памятаю, што пасля трэцяй хваробы, у мяне было больш за 50.

Мне неяк асабліва не тлумачылі, чаму я захварэў ажно тры разы. Сказалі, што аслаблены імунітэт. Дарэчы, тата хварэў двойчы ў лёгкай форме, а мама да гэтага часу ні разу не хварэла. Хоць яна нас з татам увесь час лекавала».

Аляксей зусім нядаўна вакцынаваўся. Перад гэтым кансультаваўся з дактарамі. Нягледзячы на частыя хваробы і пытанні з імунітэтам, дактары парэкамендавалі не адкладваць прышчэпку. Так хлопец зрабіў «Спутнік».

З пабочных эфектаў пасля трох хвароб Аляксей называе пагаршэнне памяці, цяжкасці з дыханнем і праблемы са смакам.

«Бегаць шмат не магу — адышка, — расказвае ён. — Змяніўся смак — цяпер мне брыдка ёсць цытрусавыя. Смак, дарэчы, вярнуўся не адразу. Пасля трэцяга разу — не адчуваў смаку дзесьці месяц».

«Перанесла ўсе чатыры разы ў лёгкай форме»

22-гадовая Ганна працуе кухарам і вельмі часта па працы кантактуе з людзьмі. Ганна хварэла на кавід ажно чатыры разы. Адзін з іх пасля сутак на Акрэсціна.
«Першы раз трапіла ў першую хвалю, у сакавіку 2020 года, — адзначае яна. — Потым другі, трэці і адзін раз быў пасля Акрэсціна. У сакавіку 2021 года я на 13 сутак патрапіла ў ІЧУ на Акрэсціна. Там мы захварэлі ўсёй камерай. Калі выйшла, пайшла ў паліклініку, расказала сітуацыю і папрасіла накіраванне на тэст. Яны далі, і тэст быў станоўчым».

Хваробу першы раз дзяўчына перанесла досыць лёгка: пахі ў яе не знікалі, а тэмпература была невысокая. Другі раз «карону» яна падхапіла прыкладна праз 3—4 месяцы.

«Паміж усімі астатнімі разамі ў мяне быў таксама прамежак прыкладна 3—4 месяцы, — расказвае дзяўчына. — Перанесла ўсе чатыры разы ў лёгкай форме. Кожны раз хадзіла ў паліклініку і прасіла накаванне на тэст. Давалі неахвотна, вядома, але давалі. Бальнічны давалі на тры тыдні, але я аднаўлялася ўсё роўна потым даўжэй. Пасля нейкага разу я здавала аналіз на антыцелы, іх не было шмат».

Прышчэпку дзяўчына не рабіла, таму што пасля першага захворвання ў яе пачаўся імунадэфіцыт. Дактары заявілі, што ён не лечыцца і трэба піць таблеткі.

«Я яшчэ не дайшла да імунолага, каб даведацца, ці можна рабіць прышчэпку. Але так я хаджу ў масцы, апрацоўваю рукі ўвесь час, з’явілася стомленасць моцная пасля ўсіх гэтых хвароб. Мама мая перахварэла адзін раз, а ўсе астатнія дамашнія не хварэлі, прывыклі, што я часта хварэю. Спадзяюся, што пятага разу не будзе, але я на ўсялякі выпадак рыхтуюся», — адзначае Ганна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.8(11)