Общество
Таццяна Гусева

«Беларусы, якія былі на Плошчы, адпачываюць на маёй аграсядзібе бясплатна»

Гаспадыня аграсядзібы «Родны кут» Юлія Бука заваблівае да сябе гасцей бацвінннем па рэцэпце Вацлава Ластоўскага і магчымасцю пажыць сапраўдным вясковым жыццем, а не тым, якое нам паказваюць па БТ. «Салідарнасць» наведала Глыбоччыну.

Больш за дваццаць гадоў таму Юлія Бука вярнулася на зямлю сваіх дзядоў – у вёску Валодзькава на Глыбоччыне.

— Мяне лічылі няўдачніцай, маўляў, прыехала ў вёску з вышэйшай адукацыяй. У нашых людзей такое правіла — дзіця выпіхнуць з вёскі ў горад, тады лічыцца, што жыццё ўдалося… І з мужам не пашанцавала — выпіваў. Мне трэба было даказваць усім, чаго я вартая. Нездарма ў маім родзе жанчынам давалі мянушку «козы», — смяецца спадарыня Юлія. — Сёння я ні ад кога не залежу, і ў мяне ўдалыя дзеці.

Юлію можна назваць памешчыцай. Жанчына выкупіла ў вёсцы восем хат, і вiдавочна, на гэтым не спыніцца. У чатырох хатах прымае гасцей.

— Я купляла іх, каб у маёй роднай вёсцы не засяляліся чужыя людзі. Быў такі час, калі прыязджалі людзі з Полацка і Віцебска, набывалі тут хаты і ўсталёўвалі свае законы. А гэта мая тэрыторыя, і мне было непрыемна, калі хтосьці тут мог дазволіць сабе ўладу, — тлумачыць суразмоўца. — Тут жылі мае дзяды, гэта радзіма маіх продкаў.

— Можа, вы тут усю вёску скупіце і прыгоннае права ўвядзеце, — жартуе калега.

— Не, няма тут каго ўжо прыганяць, — адгукаецца гаспадыня. — Вельмі складана знайсці працаўніка адказнага, пагэтаму спадзяюся, што сёстры пойдуць на пенсію і далучацца да мяне. Але гонару занадта многа ў нас, і як мы на адной тэрыторыі ўжывёмся — невядома.

Адпачынак у сядзібе «Родны кут» каштуе 40 тысяч з чалавека ў суткі, 20 % — зніжка для беларускамоўных. З трохразавым харчаваннем кошт узрастае да 140 тысяч.

А калі госць быў на Плошчы — адпачынак бясплатны.

— Калі аднойчы моладзь прыехала, я пытаюся, можа, вы на Плошчы былі. — “Так, амаль усе”. - Ну, тады за электрычнасць заплаціце, папрасіла я іх. Яны там стаялі, гібелі, мёрзлі, як я ім скажу: “Заплаці за тое, што ты пажыў у маёй хаце?”. Барані Божа!

Жыць гасцям сядзібы давядзецца ў простай вясковай хаце. Няма тут ні сайдынгаў, ні пластыку, ні ляпніны.

—Тыя, хто да нас прыязджае — бачаць, як на самай справе жыве сённяшняя беларуская вёска, а не тая намаляваная, па тэлевізару паказаная, — з захапленнем распавядае Юлія пра свой сямейны бізнес.

Адна журналістка запыталася: «А дзе ў вас захаванне традыцый?». Дык я кажу, што, павінен калаўрот у куце стаяць? Няма ў мяне гэтага. Я збіраю гэтыя рэчы, магчыма, калі-небудзь будзе хатка этнаграфічная. Але захаванне традыцый — гэта і ёсць беларуская мова, наш уклад, тое, што мы засталіся тут, не з’ехалі.

Гаспадыня прапануе сваім гасцям звычайныя вясковыя стравы.

— Абавязкова будзе мяса, ну і ўсё, што ёсць на панадворку, — удакладняе Юлія. – Частуем бацвіннем па рэцэпце Вацлава Ластоўскага — з лісцем і сцёбламі буракоў, рэбрышкамі альбо вушамі і, вядома, бульбай і яйкам. Мы ж былі бацвіннікамі, а не бульбашамі. Гэта была характэрная страва жыхароў Вялікага Княства Літоўскага. А Ластоўскі, дарэчы, наш зямляк. Месца, дзе была ягоная сядзіба, за 22 кіламетры ад нашай хаты.

Ці прыбытковая гэта справа — агратурызм? Юлія лічыць, што так, бо навучыла сваіх дзяцей працаваць і не мае патрэбы наймаць людзей.

— Дзеці ведаюць, што трэба падняцца і пайсці навазіць вады ці папрацаваць з кліентам, ці пакатаць яго на кані… Мы жывем з турызму і сваёй гаспадаркі. Летась купілі хату за дваццаць мільёнаў. Усе грошы, якія мы зарабляем — укладваем у справу, у дзяцей. У скрыні не ляжаць яны. Як кажа мая дачка, добра, каб былі грошы, але не пашчасціла радзіцца ў сям’і алігарха, таму трэба зарабляць іх.

Сёння жадаючыя прыехаць пагасцяваць на яе сядзібе ў Валодзькава мусяць займаць чаргу. «У нас усе хаты занятыя, мы вымушаныя адмаўляць людзям», — гаворыць гаспадыня.

У вёсцы ў Юліі Бука мянушка — бэнээфаўка — за погляды.

«Некаторыя лічаць, што нехта мне дапамог, а не сваёй працай я ўсяго дабілася. Зайздрасць наша нацыянальная рыса. Таму я не крыўдую. Галоўнае — я незалежная і займаюся сваёй справай».

Аўтар дзякуе Беларускай асацыяцыі журналістаў за арганізацыю прэс-тура “Аграэкатурызм на Глыбоччыне”, у межах якога адбылася паездка на аграсядзібу Юліі Бука.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)