Общество
Марына ЗАГОРСКАЯ, «Заўтра тваёй краiны»

Беларусы – хто мы, дзе мы?

Асноўная праблема, якую неабходна вырашыць у бліжэйшы час беларусам, каб захаваць сваю прысутнасць у свеце – вызначыцца са станам нацыянальнай ідэнтыфікацыі, лічаць эксперты. Хто такія беларусы – на сёння ў Беларусі пытанне адкрытае.

-- Рэспубліка Беларусь ужо 18 гадоў мае сваю незалежнасць, але дагэтуль не даследавалася грунтоўна, кім усведамляюць сябе сучасныя беларусы, якія сімвалы, брэнды, фрагменты гістарычнай памяці з’яўляюцца найбольш агульнымі для жыхароў краіны, -- гаворыць кіраўнік Міжнароднага грамадскага аб’яднання "Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская.

Хтосьці пачувае сябе “белым рускім”. Для іншага гісторыя нацыі пачынаецца з Францішка Багушэвіча. Адзін жыве ў каардынатах БССР. Другі ўзгадвае Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. Апошнім часам у інтэлектуальных колах набывае моц рух, які звязвае паходжанне беларусаў з першымі згадкамі пра Літву 1000 год таму.

Праблемы з нацыянальная ідэнтыфікацыяй, якія існуюць, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка звязвае з тым, што сам працэс фарміравання беларускай нацыі на сёння яшчэ не завершаны. Ён меў пэўныя перапынкі і падпадаў пад занадта моцныя негатыўныя ўздзеянні.

-- Як у беларускім замежжы, так і ў беларускай метраполіі самая вялікая праблема – каб беларусы ўсвядомілі сябе беларусамі, не губляліся ў іншакультурным, іншамоўным асяроддзі, -- лічыць Наталля Гардзіенка.

Гэта залежыць шмат ад якіх фактараў: ад бацькоў, выхавання, адукацыі, якую чалавек атрымлівае, і ад самога чалавека, наколькі ён гатовы да таго, каб адрознівацца ад іншых сваёй беларускасцю, паказваць яе ўсім, прапагандаваць. На радзіме рабіць гэта бывае не менш складана, чымсьці ў замежжы.

-- Адсюль такі невялічкі адсотак свядомых беларусаў і тут, і ў дыяспары, -- адзначае гісторык. -- У замежжы гэта відаць асабліва на прыкладзе дыяспар на Захадзе, якія ўжо маюць 60-гадовую гісторыю і дзе сёння востра стаіць праблема змены пакаленняў, калі нашчадкі эмігрантаў вельмі мала цікавяцца сваім паходжаннем, грамадскай працай, беларускай культурай і амаль адзінкі разумеюць і могуць размаўляць па-беларуску.

Беларус паміж “саўком” і еўрапейцам

-- Для мяне беларус – гэта не этнічнае паходжанне. Гэта самыідэнтыфікацыя чалавека з гэтай зямлёй, -- гаворыць адзін з ініцыятараў грамадскай кампаніі “Будзьма!” Севярын Квяткоўскі.

Падчас даследавання, прысвечанага праблеме самаідэнтыфікацыі беларусаў, праведзенага лабараторыяй “НовАК” у сакавіку бягучага года, высветлілася, што колькасць тых, хто асацыюе сябе з грамадзянінам, жыхаром Беларусі ці беларусам па нацыянальнасці, у некалькі разоў перавышае такую ідэнтыфікацыю, як савецкі чалавек. Еўрапейская арыентацыя таксама істотна ніжэйшая, чымсьці арыентацыя прабеларуская.

-- Прычым, альбо еўрапейцамі, альбо савецкімі людзьмі лічыць сябе прыкладна аднолькавая колькасць апытаных, -- падкрэслівае кіраўнік лабараторыі “НовАК”, доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі. -- Мы можам зафіксаваць дамінанту беларускай арыентацыі. І адрыў даволі істотны: у 3,5 разы ад еўрапейскай арыентацыі, у 4 разы -- ад самаідэнтыфікацыі ў якасці савецкага чалавека.

У той жа час тры пазіцыі самаідэнтыфікацыі – жыхар Беларусі, беларус і грамадзянін Беларусі маюць прыкладна аднолькавы ўзровень – каля 50 адсоткаў.

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч лічыць “вельмі нядрэнным”, калі палова беларускага насельніцтва дакладна ідэнтыфікуе сябе з гэтай зямлёй.

-- Гэтая тэндэнцыя прасочвалася і ўжо некалькі гадоў таму падчас нацыянальнага апытання, якое праводзіў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, але гэта ніяк не паўплывала на змены ў культурнай і грамадскай палітыцы, -- адзначае Уладзімір Мацкевіч.

Эксперт “Заўтра тваёй краіны” лічыць, што многія грамадскія рэформы прамаруджваюцца менавіта з-за таго, што беларусаў па старой звычыцы лічаць “саўкамі”.

-- Несавецкі менталітэт беларусаў відавочны. Гэта патрабуе падтрымкі і ўвагі. А таксама зменаў ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства, асабліва ў адукацыі і палітыцы, -- адзначае Уладзімір Мацкевіч.

Далей матэрыял чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)