Беларусы ўсяго свету адзначаюць Дзень Волі: акцыі ў Бучы і Вільні, віншаванні ад прэзідэнтаў Літвы і Еўрапарламента, новая песня ад Naviband

Як святкуюць нашы суайчыннікі.

Беларусы па ўсім свеце адзначаюць 106-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Прапануем вашай увазе асноўныя падзеі гэтага дня. На якія імпрэзы можна схадзіць сёння, калі вы знаходзіцеся за мяжою, можна пачытаць тут.

Такасама сёння ўвечары адбудзецца онлайн-канцэрт БНР-106, а а 23:00 можна паглядзець онлайн спектакль «Дзікае паляванне караля Стаха» ад Беларускага свабоднага тэатру.

Дзень Волі ва ўкраінскай Бучы

Пасол па асобых даручэннях па Беларуси Ігар Кізім з жонкамі загінулых беларускіх добраахвотнікаў — Галінай (жонка Дзмітрыя Рубашэўскага) і Оленай (жонка Васіля Парфянкова). Усе фота Аляксей Францкевіч

Канцэрт Вольнага хору ў Рэфармацкай царкве ў Вільні

У Рэфармацкай царкве ў Вільні распачынаецца канцэрт Вольнага хору, які працягне ўрачыстае святкаванне Дня Волі.

Марш беларусаў дайшоў да беларускай амбасады ў Літве

Ля будынку беларускай амбасады ў Вільні ўсталявалі лампадкі каля мемарыялу «Варта святла», прысвечанага беларускім героям і ахвярам рэжыму.

Да амбасады падыйшлі ўкраінцы, павіншавалі беларусаў з Днём Волі і зычылі перамогі над рэжымам, перадае карэспандэнт «Салідарнасці».

На мітынгу у Вільні выказаліся ў падтрымку беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне

На Лукішскай плошчы ў Вільні вечарам 25 сакавіка адбыўся святочны мітынг да Дня Волі. На дзвюх мовах, беларускай і літоўскай, беларусы павіншавалі адно аднаго са святам, нагадалі пра яго вытокі, нацыянальных герояў і знакавых асоб нашай гісторыі, пра беларускіх добраахвотнікаў, якія проста цяпер змагаюцца ва Украіне, падзякавалі Літве, якая дае прытулак уцекачам ад палітычных рэпрэсій.

Прысутныя актывісты дыяспары, у тым ліку былыя палітвязні, праспявалі разам з ансамблем «Гоман» гімн БНР — «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», — а таксама «Магутны Божа» і «Пагоню».

На сайце дзяржаўнай газеты «Гомельская праўда» павіншавалі беларусаў з Днём Волі

Адбылося гэта дзякуючы «Кіберпартызанам». На сайце выдання размешчанае відэа ад Палка Каліноўскага.

Прэзідэнтка Еўрапарламента павіншавала беларусаў і Ціханоўскую з Днём Волі

Прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола павіншавала з Днём Волі Святлану Ціханоўскую і народ Беларусі. Яна заявіла аб падтрымцы Еўропы свабоднай Беларусі, тых, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю.

Прэзідэнт Літвы павіншаваў беларусаў з Днём Волі

У сваім віншаванні Гітанас Наўседа адзначыў, што гэты дзень з'яўляецца «днём разважанняў пра будучыню — еўрапейскую будучыню Беларусі, у якой усе беларусы будуць карыстацца ўсімі свабодамі і магчымасцямі, чаго яны заслугоўваюць», піша Delfi.

Ён падкрэсліў, што Літва працягвае актыўна падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і імкнецца садзейнічаць таму, каб галасы беларусаў у міжнароднай супольнасці былі пачутыя.

Прэзідэнт Літвы пажадаў беларусам заставацца моцнымі і згуртаванымі, працягваць змагацца за свабоду сваёй краіны, не дазваляючы выкарыстоўваць сваю дзяржаву ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Ён быў першым міністрам абароны Беларусі. Узгадваем асобу Кастуся Езавітава

У Вільні прайшоў вольны аўтапрабег

Беларусы Вільні распачалі святкаванне Дня Волі акцыяй памяці на могілках Росы: актывісты наведалі месцы пахавання Кастуся Каліноўскага і братоў Луцкевічаў. Адтуль стартаваў вольны аўтапрабег: калона машын пад бел-чырвона-белымі сцягамі Беларусі і сцягамі Літвы рушыла па горадзе да Сейма Літоўскай Рэспублікі.

Упершыню з 1950 году зьдзейсьнена ўзнагароджаньне тытуламі кавалера Ордэну Пагоні

У 106-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла падпісала дэкрэты аб узнагароджаньнях за заслугі перад беларускім народам.

Упершыню з 1950 году зьдзейсьнена ўзнагароджаньне тытуламі кавалера Ордэну Пагоні, з наданьнем адзнакі Крыжу Ордэну Пагоні. Імі адзначаныя:

  • палітык Зянон Пазьняк — за найважнейшы ўнёсак у здабыцьцё незалежнасьці Беларусі, нацыянальнае адраджэньне, абарону дэмакратыі;
  • праваабаронца Алесь Бяляцкі — за выбітныя заслугі маральна-грамадзкага лідэрства нацыянальнага маштабу на абароне грамадзянскіх і нацыянальна-культурных правоў і законнасьці Беларусі ў варунках асабістае небясьпек;
  • два палітычныя зьняволеныя, чые імёны пакуль не апублічваюццва зь меркаваньняў асабістай бясьпекі.

Гэтай жа ўзнагародай адзначаныя два рэлігійныя і духоўныя лідэры нацыянальнага маштабу, чые імёны пакуль не апублічваюцца.

Мэдалём Ордэну Пагоні адзначаныя:

  • ваяр і вайсковы арганізатар у батальёне «Волат» з дадатковай вайсковаю адзнакаю і адзнакаю за мужнасьць;
  • дырэктар «Беларускага дому» у Варшаве Алесь Зарамбюк;
  • намесьнік камандзіра палку імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук (з дадатковай вайсковаю адзнакаю);
  • куратарка кніжнай калекцыі Бібліятэкі імя Скарыны ў Лёндане Караліна Мацкевіч;
  • камандзір палку імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс Прохараў ( дадатковай вайсковаю адзнакаю);
  • дзеяч Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі і адзін з кіраўнікоў Беларускага Дабранчыннага Фонду Сяргей Пяткевіч;
  • удзельніца нацыянальнага руху пачатку 1980-х і непадцэнзурнага друку, журналістка Алена Радкевіч;
  • сустрашыня руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая;
  • брытанскі навуковец Алан Фляўэрс і грамадзкі актывіст, які шмат зрабіў у справе дабрачыннасьці;
  • мэдык Сяргей Юрчанка (Чэхія).

За ўнёсак у беларускую культуру і адукацыю Мэдалём Ордэну Пагоні ўзнагароджаныя аўтарка падручнікаў па беларускай мове для 1-6 клясаў, беластоцкая настаўніца Аліна Ваўранюк, заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і кіраўнік беластоцкай Фундацыі «Kamunikat.org» Яраслаў Іванюк і паэт Андрэй Хадановіч.

Закрытым дэкрэтам Старшыня Рады БНР узнагародзіла Мэдалём за Баявыя Заслугі трох афіцэраў і чатырнаццаць байцоў Палку імя Кастуся Каліноўскага, аднаго афіцэра і адзінаццаць байцоў батальёну «Волат», а таксама аднаго байца асобнай десантна-штурмавой роты «Беларусь» у складзе аднае з брыгадаў Збройных сілаў Украіны.

Naviband да Дня Волі выдаў новую песню «Сокал»

З нагоды свята гурт NaviBand прэзентаваў маштабны кліп і новую песню «Сокал» з новага альбома.

Рэжысёрам кліпа выступіў Арцём Лобач, а ў галоўнай ролі – удзельнік «Купалаўцаў», заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігоў.

Здымкі адбываліся у тым ліку каля польска-беларускай мяжы.

— Свабода і каханне — тое, за што заўжды змагаліся людзі. Чалавек імкнецца да сваёй свабоды праз выпрабаванні, праз страты. Гэта больна, гэта страшна, але праўда на нашым баку і рана ці позна святло пераможа цемру. У Беларусі, ва Украіне, ва ўсім свеце. Менавіта гэта мы паспрабавалі адлюстраваць у нашай песні і кліпе, — тлумачыць саліст гурта Арцём Лук’яненка.

Акцёр Ігар Сігоў кажа, что быў вельмі расчулены, калі ўпершыню паслухаў песню.

— Я граю ролю чалавека, які вымушана пакідае свой дом. Не таму, што хоча, а таму што вымушаны ўсё пакінуць і прайсці праз выпрабаванні, якія падрыхтавала яму жыццё. Гэта вельмі блізкая шмат каму зараз гісторыя… Галоўная ідэя відэа і песні — не здавацца, дабівацца таго, пра што марыш, як бы не было складана. Гэта вельмі важна зараз.

Сурвіла: «Наш абавязак — даказаць, што наш народ не хоча вайны»

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў у Дзень Волі:

— Сёння заклікаю кожнага з Вас не забывацца пра наш родны край і пра гераізм і ахвярнасць нашых продкаў, якія не раз ішлі паміраць, каб жыла Беларусь. Дзякуючы ім мы яшчэ маем край – які мы цяпер мусім бараніць, каб не пакінуць жабракамі нашых дзяцей і ўнукаў.