Общество
Ігар ЗІНЧАНКА, Газета Слонимская

Беларусы не размаўляюць на сваёй мове з-за празмернай сарамлівасці

У Мінскіх духоўных семінарыі і акадэміі прайшла сустрэча-лекцыя аб значэнні беларускай мовы ў сучасным Праваслаўі. Са студэнтамі і выкладчыкамі духоўных школ асабістым досведам падзяліўся вядомы паэт, музыкант, грамадскі дзеяч інак Мікалай Бембель.

У сваім выступленні інак Мікалай адзначыў:

— Калі заходзіць палеміка з прадстаўнікамі каталіцкага веравызнання па пытаннях мовы, то гавораць, што Праваслаўная царква супраць беларускай мовы. Доказаў гэтаму не патрэбна: сваім маўленнем па-расейску праваслаўныя пацвярджаюць, што яны нібыта ігнаруюць беларускую мову, грэбуюць ёй. Таму задача кожнага беларуса не толькі любіць, але і ўжываць яе ў сваім паўсядзённым жыцці. Тады мы не толькі не згубімся ў сусветнай прасторы, але і будзем сведкамі сапраўднасці нашай веры.

Пасля выступлення вядомы прадстаўнік беларускага манаства адказаў на пытанні прысутных. Напрыклад, на пытанне, чаму беларусы не размаўляюць на роднай мове, інак адказаў:

— З-за празмернай сарамлівасці. Гэта пайшло, як лічу, з тых часоў, калі мову падзялілі на панскую і мужыцкую. Мы перажываем тое ж, што адбывалася ў часы Пушкіна, калі мовай вышэйшых саслоўяў лічылася французская, а руская мова — мужыцкай. Але іншамоўны уплыў павінен ператварыцца ў танальнасці нацыянальнай культуры.

Таксама інак Мікалай распавёў пра неабходнасць здзяйснення богаслужэнняў на беларускай мове. На яго думку, штучна нічога мяняць нельга. Царкоўнаславянская мова павінна быць захавана да другога Прышэсця. Але калі з’явіцца неабходнасць здзяйсняць богаслужэнне на сучаснай беларускай мове, святар павінен быць гатовы яго здзейсніць, лічыць інак Мікалай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)