Общество

Сямён Печанко

Беларусы адзначаюць «Дзяды»

Дзень памінання продкаў і грамадска-палітычная акцыя.

Дзяды ў Івянцы. Фота Радыё Свабода

Дзяды — дзень памінання продкаў, адно з самых старажытных беларускіх святаў, вядомае з язычніцкіх часоў. Лічыцца, што ў гэты дзень душы памерлых продкаў спускаюцца на зямлю, каб наведаць жывых нашчадкаў.

З тых часоў павялося, што жывыя на Дзяды прыбіраюць дом, накрываюць святочны стол для душаў сваіх крэўных. У памінальны дзень ходзяць на могілкі.

Беларусы адзначаюць памінальныя дні некалькі разоў на год. Вясной памінальным днём лічыцца Радуніца — другі дзень Вялікадня. Галоўнымі ж лічацца Восеньскія або Змітраўскія Дзяды. Як правіла, іх адзначаюць у першую суботу лістапада.

Памінанне памерлых у лістападзе ў найнойшай гісторыі краіны набыла і грамадска-палітычнае значэнне. З 1988-га ў мінскае ўрочышча Курапаты, дзе ў гады сталінскіх рэспрэсій былі расстраляныя дзясяткі тысяч чалавек, выпраўляюцца жалобныя шэсці.

Сёлета шэсце і мітынг у мемарыяльным комплексе Курапаты адбудзецца 3 лістапада. Яго традыцыйна ладзіць Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ. Акцыя санкцыянаваная ўладамі. Удзельнікаў чакаюць ад 11:30 каля гадзіннікавага завода (пр. Незалежнасці, 95).