В мире
Радыё Свабода

Беларускія злодзеі дамагліся турмы для швэйцарскага паліцыянта

У Швэйцарыі адбыўся суд над паліцыянтам, які перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы ў часе затрыманьня беларускіх злодзеяў. Паводле вэрдыкту базэльскага суду, яфрэйтар паліцыі пакараны зьняволеньнем на адзін месяц.

Гэта адбылося ў кастрычніку 2005 году ў адной з крамаў Базэлю. У затрыманьні злодзеяў бралі ўдзел 36-гадовы яфрэйтар мясцовай паліцыі і два практыканты. Менавіта яны пацьвердзілі факт перавышэньня сваім настаўнікам службовых паўнамоцтваў. Злодзеі, якімі аказаліся былыя беларускія грамадзяне, ня надта разумелі патрабаваньні да сябе, і ў выніку разнэрваваны паліцыянт даў, як кажуць, волю рукам. Сіла прымянялася і ў пастарунку.

У базэльскай паліцыі не называюць імёнаў ні яфрэйтара, ні пацярпелых, аднак прызнаюць, што гэты факт для іх вельмі непрыемны, ён будзе абмяркоўвацца таксама судом прафэсійнага гонару.

(Супрацоўнік: ) “Я не магу вам паведаміць шмат інфармацыі, акрамя таго, што гэта вельмі непрыемны для нас, як для прафэсіяналаў, факт. Дадам, што пацярпелыя злодзеі ёсьць беларусамі, якія раней зьвярнуліся да нас па палітычны прытулак”

Некаторыя дадатковыя зьвесткі ўдалося атрымаць ў часе размовы са швайцарскімі калегамі, якія асьвятлялі працэс.

Паводле іхных словаў, базэльскаму яфрэйтару не пашанцавала: пры затрыманьні ён моцна пашкодзіў нейкую культавую фігурку аднаго зь беларусаў. Што гэта за фігурка, калегі не змаглі растлумачыць. Маўляў, са словаў пацярпелых вынікала, што гэтая рэч адыгрывае нейкую асаблівую рэлігійную ролю, а злодзеі, як яны сьцьвярджалі, былі строгімі вернікамі.

Калегі распавялі таксама, што ў часе працэсу і беларусы, і іхны адвакат неаднойчы параўноўвалі дзеяньні швэйцарскага яфрэйтара з тымі супрацьпраўнымі захадамі, якія выкарыстоўваюць праваахоўныя органы ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)