Общество
Наста Ігнатовіч, «Еўрарадыё»

Беларускія ВНУ рыхтуюцца да наплыву студэнтаў у наступным годзе

Колькасць бюджэтнікаў у акадэміі Міністэрства унутраных спраў павялічыцца на чвэрць. А педагагічны ўніверсітэт у 2009 годзе гатовы прыняць ажно ўдвая больш студэнтаў, чым сёлета. ВНУ вымушаны павялічваць колькасць месцаў, бо з-за адмены 12-годкі ў наступным годзе іх "атакуюць" адразу дзве плыні абітурыентаў.

Нагадаем, што днямі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў што ў беларускіх ВНУ павялічыцца колькасць бюджэтных месцаў. “Мы адкрыем больш бюджэтных месцаў і папросім недзяржаўныя ВНУ павялічыць колькасць месцаў для студэнтаў”, - супакоіў будучых абітурыентаў прэзідэнт.

Гэты загад выкліканы папярэднім рашэннем Лукашэнкі аб скасаванні 12-годкі, з-за адмены якой у ВНУ будзе паступаць адразу дзве плыні абітурыентаў. Навучальныя ўстановы на словы кіраўніка дзяржавы адрэагавалі з энтузіязмам.

Як даведалася Еўрарадыё, першымі загад прэзідэнта выканаюць міліцыянты. З наступнага года колькасць бюджэтных месцаў у акадэміі Міністэрства унутраных спраў павялічыцца на чвэрць. Сёлета плануецца набраць 360 курсантаў, расказаў Еўрарадыё рэктар установы Іван Сяргей:

“У наступным годзе мы чакаем павелічэння курсантаў, якія будуць прымацца на бюджэтнай аснове на дзённую форму навучання на 90 чалавек. У нас такая магчымасць ёсць, і ў перспектыве яна будзе рэалізавана”.

Прарэктар Педагагічнага ўніверсітэта па навучальнай працы Юры Быкадораў кажа, што набраць больш студэнтаў на “бюджэт” – не праблема. І нават гатовы зрабіць гэта за кошт памяншэння платных месцаў:

“Сёлета ў нас каля 2 тысяч абітурыентаў. Паменшым платнае, павялічым бюджэтнае – праблемы няма. Агульная колькасць месцаў рэгулюецца ліцэнзіяй, але паколькі ў нас 50% - платнікі, то, калі ласка, можам павялічыць бюджэт удвая”.

Сапраўды, асаблівых праблем набраць больш студэнтаў у дзяржаўных ВНУ няма. Фінансуюцца дадатковыя месцы ўсё адно з бюджэту. Прыватныя ўстановы таксама гатовыя павялічыць месцы, але набраць могуць столькі студэнтаў, колькі прадугледжана ліцэнзіяй.

Да таго ж не трэба забывацца і пра тое, што для дадатковых студэнтаў патрэбныя дадатковыя аўдыторыі і выкладчыкі, кажа Еўрарадыё рэктар Інстытута ўпраўлення і прыватызацыі Валеры Кожар:

“У нас ёсць ліцэнзія, і мы можам набіраць столькі, колькі прадугледжана гэтай ліцэнзіяй. Калі будзе такое рашэнне, што ліцэнзію нам павялічаць на энную колькасць студэнтаў, мы з задавальненнем іх возьмем, мы гатовыя да гэтага.

Пад ліцэнзію павінны быць плошчы, выкладчыкі... не проста так – набраў людзей і няхай яны пасуцца... Мы павінны быць гатовыя весці нармальны навучальны працэс”.

Старшыня камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч кажа, што нашы ВНУ могуць павялічыць колькасць бюджэтных месцаў. Праблем з ліцэнзіямі быць не павінна, але пра дакладную колькасць пакуль казаць рана. Сёлета ж студэнтамі стане 90 тысяч студэнтаў:

“Сёння ў ВНУ Беларусі плануецца прыняць каля 90 тысяч студэнтаў на ўсе формы навучання, у тым ліку прыватныя ВНУ і дзяржаўныя. А што тычыцца наступнага года, на жаль у мяне такой інфармацыі няма. Але ВНУ могуць павялічыць колькасць месцаў, бюджэтных у тым ліку.

Вялікіх праблем з ліцэнзіямі гэта не выкліча. Будуць проста паказаны канкрэтныя лічбы – колькі прыняць на стацыянар, колькі на завочную форму навучання”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)