Общество
Анастасія Зелянкова

Беларускія школьнікі будуць гаварыць па-кітайску

Самы нізкі працэнт школ з беларускай мовай выкладання зафіксіраваны ў Мінску, дзе сёлета толькі 2% школ сёлета будуць весці навучанне па-беларуску. Такія дадзеныя абнародаваў учора на прэс-канферэнцыі намеснік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно.

Як рассказаў карэспандэнту “Салідарнасці” старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алег Трусаў, яшчэ тры гады таму ў Мінску цалкам беларускімі былі 10 сярэдніх навучальных устаноў, сёння такіх засталося чатыры, некаторыя сталічныя школы здолелі захаваць толькі асобныя беларускамоўныя класы.

-- Канешне, калі параўноўваць сённяшнюю сітуацыю з тым, што было за савецкім часам, калі па-беларуску ў гарадскіх школах увогуле не вучылі, то ўсё не так дрэнна, -- лічыць Алег Трусаў. – Аднак, думаю, калі б не нашы змаганні і не змаганні тых бацькоў, якія хочуць, каб іх дзець вучыліся на роднай мове, то беларускай мовы ў школах наогул ужо не было б. Чыноўнікі робяць усё магчымае, каб сталася менавіта так.

Як вядома, з новага навучальнага года Міністэрства адукацыі мае таксама намер перавесці на рускую мову выкладанне гісторыі Беларусі. Гэта, на думку чыноўнікаў, дапаможа грамадзянам суседніх краін больш даведацца пра Беларусь і яе мінулае. Прынамсі, такое меркаванне выказала ў інтэрв’ю газеце “Звязда” начальнiк аддзела выкладання грамадазнаўчых дысцыплiн упраўлення вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi Надзея Ганушчанка: “Сёння мы хочам, каб гiсторыю Беларусi ведалi i суседнiя краiны. Яны лепш разумеюць напiсанае па-руску... Калi будуць падручнiкi на рускай мове, то больш будуць ведаць пра Беларусь у свеце — пра яе складаную, цiкавую гiсторыю, сучаснае развiццё, культуру, навуку”.

Шчыра кажучы, вялікія сумненні выклікае, што пасля таго, як у беларускіх школах гісторыю краіны пачнуць вывучаць па-руску, пра яе даведаюцца грамадзяне суседніх краін. А вось у тым, што пасля гэтай ініцыятывы чыноўнікаў беларускія школьнікі цалкам пазбавіліся магчымасці ведаць і выкарыстоўваць на практыцы родную мову, сумнявацца не прыходзіцца.

Так, на сайце “Комсомольской правды в Белоруссии» пры абмеркаванні пытання, ці варта выкладаць гісторыю Беларусі па-руску, адзін з наведвальнікаў адзначыў: “Я категорически против, чтобы язык уничтожали, а подобные "выходки" есть не что иное, как уничтожение. Откуда дети будут в жизни слышать белорусский язык, если осталась всего одна “Калыханка”?

Аднак ёсць на гэты конт і іншыя меркаванні. Некаторыя чытачы “Камсамолкі” зазначалі, што ўсё выкладане павінна весціся на зразумелай мове: “Преподавать надо на языке, который дети понимают. Хотите на “бел. мове” -- приучайте малышей к “мове”. С детства. А так сидит мой ребенок и переводит полдня, чтобы выучить историю... Результат: дети не любят историю Беларуси. Пусть хоть на русском ее выучат”.

Канешне, тут можна паспрачацца, што жаданне вывучаць прадмет у першую чаргу залежыць ад таго, як яго выкладаюць, а не ад мовы выкладання. Але факт застаецца фактам – з беларускай мовай у сённяшніх вучняў ёсць цяжкасці. І чыноўнікі робяць усё магчымае, каб гэтак заставалася і далей.

А пакуль родная мова паціху выціскаецца са школьнага навучання, некаторыя беларускія школьнікі ў хуткім часе пачнуць размаўляць па-кітайску: з гэтага года ў трох сярэдніх навучальных установах першакласнікі пачынаюць вывучаць кітайскую мову.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)