Общество
Ігар Мельнікаў, «Новы час»

Беларускія салдаты Войска Польскага

Амаль да канца 1990-х гадоў беларусам, якія сустрэлі пачатак Другой Сусветнай вайны ў складзе Войска Польскага, адмаўлялі ў праве звацца ветэранамі. Але і да сённяшняга дня мы мала ведаем пра подзвіг тых людзей.

Салдаты Народнага войска Польскага. 1945 год. Фота з архіва Ігара Мельнікава

Улан з Кобрыншчыны

Беларус Дзмітрый Рыгоравіч Гіль нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Яўсімавічы, Кобрынскага павета. Звычайнаму беларускаму хлопцу давялося служыць у эліце Войска Польскага — кавалерыі. Дзмітрый трапіў у 25-ты полк уланаў вялікапольскіх, які ўваходзіў у Навагрудскую брыгаду кавалерыі і да вайны размяшчаўся ў Пружанах. Увесну 1939 года полк разам з другімі падраздзяленнямі брыгады быў перадыслакаваны на мяжу з Германіяй.

Дзмітрый Гіль. Фота з архіва Ігара Мельнікава

Падчас вераснёўскай кампаніі 1939 года ўланы з 25-га палка мужна змагаліся супраць сіл вермахта. 23 верасня 1939 года ўланы з Пружан атакавалі наступаючых гітлераўцаў пад Краснабродам і нанеслі ім паразу. У выніку той атакі польскім вайскоўцам удалося заняць горад і захапіць у палон штаб 8-й нямецкай пяхотнай дывізіі.

Аднак пазней уланскі полк трапіў у акружэнне нямецкіх танкавых частак і быў разбіты. Некаторым салдатам і афіцэрам удалося эвакуявацца ў Венгрыю, іншыя трапілі ў нямецкі палон. Сярод ваенапалонных быў і Дзмітрый Гіль, якога з лагера накіравалі на сельскагаспадарчыя працы пад Кёнігсберг. Цяжкая праца працягвалася некалькі гадоў. Там, ва Усходняй Прусіі, Гіль даведаўся пра паразу немцаў пад Сталінградам. Сярод былых польскіх вайскоўцаў гэта навіна выклікала радасць.

Дзмітрый Гіль з жонкай. Фота з архіва Ігара Мельнікава

Аднойчы Дзмітрыю Рыгоравічу ўдалося атрымаць неабходныя дакументы для выязду на радзіму і ў студзені 1943 года ён прыехаў у родныя Яўсімавічы. Праз год Беларусь вызвалілі і былы польскі вайсковец пайшоў служыць у савецкую армію. У складзе 20-га стралковага палка Дзмітрый Гіль браў удзел у баях пад Варшавай. Падчас фарсіравання Одэра быў цяжка паранены і трапіў у шпіталь. Тут яго і застала Перамога.

Пасля заканчэння вайны Гіль служыў у савецкай вайсковай камендатуры ў нямецкім горадзе Тойхерн. У кастрычніку 1945-га палешук вярнуўся дадому, адбудаваў жыллё, працаваў у калгасе. За сваё жыццё гэты чалавек атрымаў шмат розных узнагарод, аднак больш за ўсё ён ганарыўся савецкім медалём “За Адвагу”, атрыманым за баі пад Варшавай і польскім медалём “За абарону Айчыны”, якім беларуса ўзнагародзіў польскі урад за ўдзел у вераснёўскай кампаніі 1939-га.

Працяг матэрыяла чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)