Общество
Радыё Свабода

Беларускія рок-музыкі пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы

Аб сваіх уражаньнях з акцыі на Кастрычніцкай плошчы распавядаюць рок-музыкі: Лявон Вольскі, Кася Камоцкая і Ігар Варашкевіч.

(Вольскі:) “Уражаньні самыя пазытыўныя. Адное — так стаяць днямі на гэтым холадзе і марозе — надвор’е зноў нам не спрыяе чамусьці. А так — уражаньні, паўтаруся, самыя пазытыўныя. Я не чакаў, што будзе столькі народу, мне здавалася, што ў першы дзень яшчэ прыйдзе 20 тысяч, а на заўтра ўжо нічога ня будзе. Нават дзіўна…”

(Карэспандэнтка:) “А як вы ставіцеся да людзей, якія мерзнуць у гэтых намётах?”

(Вольскі:) “Гэта новыя беларускія героі. Трэба кожнаму, хто ў рэчышчы Беларусі існуе, дапамагаць каваю, гарбатай, канапкамі, словам”.

(Карэспандэнтка:) “Вельмі цёпла вас прымае публіка. Вы гатовыя выступіць з канцэртам, ці магчыма гэта?”

(Вольскі:) “Мы б з задавальненьнем. Але трэба вельмі магутная апаратура. Не падвязуць абсталяваньне. А рабіць нейкі паганенькі канцэрцік — гэта сьмешна, гэта таксама прафанацыя”.

(Карэспандэнтка:) “Але жаданьне ёсьць?”

(Вольскі:) “Як можа ня быць жаданьня ў людзей, якія паўтара года былі адлучаныя ад шырокай народнай масы? Ня тое, што жаданьне ёсьць — прага ёсьць сыграць. Нашая публіка — яна самая лепшая ў сьвеце. Для нас, прынамсі”.

(Камоцкая:) “Трэба падтрымліваць дзеяньнямі, а ня словам, разумееце? Усім выходзіць на плошчу, не сядзець дома, а выходзіць! Пакуль там столькі людзей, яны будуць галодныя і халодныя”.

(Варашкевіч:) “Я сам выходжу. Шкада, што малавата людзей. Я тэлефанаваў сябрам, і многія кажуць: “А што, трэба ісьці?” Проста адзін баіцца, другі ня хоча ісьці. Вось такая праўда. Тут ёсьць перамога, што людзі ўсё ж такі не пабаяліся выйсьці на плошчу. Які будзе працяг, я ня ведаю, але я і сёньня пайду”.

(Карэспандэнтка:) "Лічыце, што больш павінна выходзіць?"

(Варашкевіч:) “Безумоўна. Я даўно пра гэта казаў. Тысяч 100 павінна быць, як мінімум”.

(Карэспандэнтка:) “Лічыце, што ва ўмовах Беларусі гэта магчыма?”

(Варашкевіч:) “Магчыма. У кожнага, хто стаяў на плошчы ў першы дзень, быў дзесятак знаёмых, якія маглі прыйсьці. І калі б яны прыйшлі, было б 100 ці 200 тысяч. Адны запалоханыя, іншыя маюць надзею на цуд, што нехта штосьці зробіць, і ўсё атрымаецца. Чужымі рукамі. А нешта чужымі рукамі ня зробіцца. Толькі сваімі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)