Общество

Беларускiя праваабаронцы звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН

Пiшуць пра гвалт, пагрозы, затрыманні.

«Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуліся да Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека і шэрагу спецыяльных тэматычных дакладчыкаў ААН з просьбай прыняць усе адпаведныя меры для аказання садзейнічання ў паляпшэнні бягучай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама ў правядзенні сумленных і справядлівых выбараў.

Яны звяртаюць увагу, што па стане на 16 чэрвеня, у перыяд з 6 мая ў Беларусі па адміністрацыйных артыкулах, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах палітычнага пераследу за выказванне меркавання, 97 чалавек былі прыцягнутыя судамі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту (у агульнай складанасці былі прызначаныя 1246 сутак арышту).

Па такіх жа артыкулах 105 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам каля 90.000 рублёў (больш за 40.000 долараў ЗША).

Паведамляецца, што суды працягваюць выносіць у дачыненні да грамадзян, якія ўдзельнічаюць у мірных сходах, адміністрацыйныя арышты на тэрмін да 15 сутак. У дачыненні да некаторых актывістаў вынесена некалькі судовых пастаноў аб арышце за ўдзел у розных мерапрыемствах, такім чынам, яны будуць знаходзіцца пад арыштам больш за 15 сутак (па стане на 16 чэрвеня палітыку Паўлу Севярынцу суды прызначылі 75 сутак, палітыку Мікалаю Статкевічу – 30 сутак, блогеру You-Tube канала MozgON Уладзіміру Цыгановічу – 30 сутак і т.д.).

Умовы адбывання пакарання ў мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе знаходзіцца большасць арыштаваных, можна кваліфікаваць як жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне.

Праваабаронцы інфармуюць спецдакладчыкаў пра факты пагроз вылучэнцы ў кандыдаты Святлане Ціханоўскай, пераследу сябраў яе ініцыятыўнай групы і зборшчыкаў подпісаў, а таксама пра ціск на вылучэнца ў кандыдаты Віктара Бабарыку, ператрусу ў ягоных калег і сяброў, сябраў ініцыятыўнай групы і затрыманне 15-ці чалавек.

А таксама ацэньваюць гэтыя дзеянні ўладаў як незаконны, палітычна матываваны ціск на прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, які выкарыстоўваецца з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад свайго рашэння ўдзельнічаць у выбарах.

Посол ЕС в Беларуси обеспокоен действиями против Бабарико

Праваабаронцы просяць спецдакладчыкаў у межах адпаведных спецпрацэдур звярнуцца да ўраду Беларусі з просьбай прыняць неадкладныя меры па выкананню Рэспублікай Беларусь сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, замацаваных у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання і іншых дакументах.

Яны таксама інфармуюць спецдакладчыкаў, што ў бліжэйшы час будуць прадстаўляць у адпаведныя спецыяльныя працэдуры паведамлення, якія тычацца парушэнняў правоў чалавека асобных ахвяр.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(49)