Общество
Анастасія Зелянкова

Беларускія пісьменнікі перабраліся ў падвал

Саюз беларускіх пісьменнікаў пакінуў Дом літаратара. Свае апошнія рэчы пісьменнікі пад наглядам судовых выканаўцаў перанеслі ў падвал будынка.

Для многіх літаратараў сённяшняе высяленне з дома па вул. Фрунзе, 5, што некалі будаваўся спецыяльна для пісьменніцкай арганізацыі, стала цяжкім выпрабаваннем. На вачах некаторых з іх праглядаліся слёзы.

— Тое, што сёння робіць з намі ўлада, можна параўнаць хіба толькі з тым, што рабілі варвары ў часы Рымскай імперыі, — абураецца Вольга Іпатава. — Беларускіх пісьменнікаў — захавальнікаў нашай мовы, культуры — выганяюць на вуліцу! Але ж, нягледзячы на ўвесь трагізм сітуацыі, я веру: наша арганізацыя абавязкова сюды вернецца.

На пачатак высялення літаратараў з іх апошняга пакоя — так званага Танкаўскага кабінета — там яшчэ засталіся асобныя рэчы. У прыватнасці, дагэтуль стаялі партрэты класікаў літаратуры — Васіля Быкава, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Гэтыя партрэты выносілі паасобку, вядомыя пісьменнікі — Ніл Гілевіч, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько і іншыя творцы — асабіста знеслі іх уніз. Такой вось сумнай працэсіяй класікі беларускай літаратуры перамясціліся на сваё новае месца — у падвал будынка.

— Тое, што зараз адбываецца, для мяне вельмі сімвалічна, — адзначыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. — Сапраўды, сёння ўсіх нашых пісьменнікаў заганяюць у падвал.

Між тым яшчэ за гадзіну да высялення адбылося пасяджэнне рады Саюза, дзе было вырашана правесці ў кастрычніку чарговы з’езд, а таксама прыняць у склад арганізацыі новых сябраў — Віталя Тараса і Фёдара Баравога.

У бліжэйшы час кіраўнікі Саюза пачнуць пошукі новага месца. Аднак многія пісьменнікі ўпэўнены, што арандаваць памяшканне яны не змогуць.

— Не для таго нас адсюль высялялі, каб потым даць магчымасць засяліцца ў іншае месца , — кажа Сяргей Законнікаў. — Што ж, у такім выпадку будзем шукаць магчымасць зарэгістраваць нашу арганізацыю за мяжой, магчыма, дзесьці на Украіне. Мы збіраемся змагацца да канца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)