Политика
Зміцер Траўчук, Еўрарадыё

Беларускія парламентарыі згубілі зварот Абхазіі па дарозе ў Мінск?

Абхазскія дэпутаты сцвярджаюць, што перадалі зварот аб прызнанні незалежнасці непасрэдна ў рукі беларускім парламентарыям. Але тыя запэўніваюць, што ніякага звароту не бачылі.

Днямі старшыня Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў заявіў, што аніякага звароту ад парламента Абхазіі з просьбай аб прызнанні незалежнасці ў яго на стале няма. Аднак яшчэ 13 кастрычніка ў СМІ з’явіўся тэкст звароту абхазскіх дэпутатаў да беларускіх калегаў. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, у якіх калідорах улады заблукаў дакумент.

У Міністэрстве замежных спраў Абхазіі нам патлумачылі, што ніякі афіцыйны зварот да беларускага парламента праз іх установу не праходзіў:

МЗС: “У нас быў зварот яшчэ ў верасні да народа і ўладаў Беларусі. Аднак афіцыйны зварот у беларускі парламент мы пакуль што не адпраўлялі, хаця… Даведайцеся лепш ў нашым парламенце”.

Галіна Старанічкіна, галоўны саветнік спікера парламента Абхазіі, распавяла, што зварот, тэкст якога з’явіўся ў СМІ яшчэ тыдзень таму, перадавалі не праз МЗС, а непасрэдна ў рукі беларускім парламентарыям у Маскве:

Галіна Старанічкіна: “На мінулым пасяджэнні Парламенцкага савета Саюза Беларусі і Расіі, дзе прысутнічалі прадстаўнікі абхазскага парламента. Кіраўнік нашай дэлегацыі перадаў літаральна ў рукі беларускім дэпутатам зварот парламента Абхазскай рэспублікі да Нацыянальнага сходу Беларусі з просьбай аб прызнанні нашай незалежнасці”.

А вось беларускі сенатар Мікалай Чаргінец, які прысутнічаў на пасяджэнні Парламенцкага савета ў Маскве, сцвярджае, што аніякага звароту да беларускага парламента абхазцы не перадавалі:

Мікалай Чаргінец: “Яшчэ раней кіраўніцтва Абхазіі звярнулася да беларускага народа і прэзідэнта з просьбай аб прызнанні незалежнасці. Цяпер жа, на апошнім пасяджэнні, абхазскія дэпутаты перадалі нам толькі зварот аб прадастаўленні статуса назіральнікаў пры Парламенцкім сходзе саюзнай краіны”.

Пытанне пра тое, дзе падзеўся зварот Абхазіі застаецца адкрытым. Ці то каўказцы сапраўды не данеслі зварот да беларусаў, у што верыцца з цяжкасцю, ці то цяперашнія беларускія парламентарыі жадаюць пакінуць разгляд пытання “праблемнай краіны” наступным дэпутатам. Тым больш, што новы беларускі парламент пачне працу ўжо 27 кастрычніка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)