Беларускія памежнікі зараблялі на нелегалах

Маёр беларускай пагранслужбы чакае суда ў польскай турме, яшчэ двое афіцэраў — у вышуку.

Да $ 700 даводзілася плаціць азіятам, што нелегальна перасякалі польска-беларускую мяжу, высокаму функцыянеру рэжыму ў Мінску, піша Gazeta Wyborcza. Маёр Аляксандр П. чакае суда ў польскай турме.

— На падставе міжнародных ордараў да гэтага часу вышукваюцца два іншыя афіцэры памежнай службы Беларусі, — кажа Анджэй Ежынскі, кіраўнік аддзела па справах арганізаванай злачыннасці і карупцыі апеляцыйнай пракуратуры Любліна.

Справа трапіла ў Люблін з пракуратуры ў Бялай Падлясцы больш за чатыры гады таму. З тых часоў следчыя здолелі абвінаваціць у арганізацыі нелегальнага перамяшчэння людзей праз мяжу ў маштабах больш за 30 удзельнікаў некалькіх добра арганізаваных груповак. Яны дзейнічалі ў ваколіцах Тэрэспаля, на скрыжаванні межаў Літвы, Беларусі і Польшчы, а таксама на мяжы з Германіяй.

«Кліентамі» злачынцаў былі ў асноўным азіяты: кітайцы, в’етнамцы і жыхары ахопленага вайной Афганістана.

Злачынцы падзялілі паміж сабой ролі і працавалі ў невялікіх падгрупах, кожная з якіх адказвала за адзін напрамак: перапраўка ў Беларусь, нелегальнае перакідванне ў Польшчу (пешшу праз «зялёную мяжу», на лодцы праз Буг ці ў падвойных сценках грузавых фургонаў), арганізацыя пражывання некаторы час, а затым транзіт праз Любушскае і Заходнепаморскае ваяводства ў Германію і Заходнюю Еўропу.

Следчыя практычна з самага пачатку падазравалі, што кантрабандыстам дапамагае чалавек, які мае высокае становішча ў памежнай службе Беларусі. Хоць бы таму, што групоўка працавала амаль восем гадоў — было б немагчыма, каб службы ў падпарадкаванні Мінска так доўга нічога не заўважалі.

Урэшце, кажа пракурор Ежынскі, былі атрыманыя сведчанні супраць 47-гадовага маёра Дзяржаўнай пагранічнай службы ў Мінску Аляксандра П.

У панядзелак яму было выстаўленае абвінавачанне ў 12 злачынствах, у тым ліку ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе. Яго роля была ў дастаўцы мігрантаў з Азіі да польскай мяжы, або «прыкрыццё» іх транспартавання.

Мігранты плацілі сваім апекунам шмат грошай. Грамадзяне В’етнама — у сярэднім 5000 даляраў. Кітайцы — 6000, але ў еўра.

— Маёр з Мінска атрымліваў сваю долю — ад 650 да 700 даляраў з чалавека, — адзначае Ежынскі і дадае: У нас ёсць звесткі, што абвінавачваны дзяліўся грашыма з іншымі службовымі асобамі.

Як было сказана вышэй, двух беларускіх афіцэраў Польшча ўсё яшчэ шукае на падставе ордараў на арышт.

— Шэсць месяцаў таму мы звярнуліся ў адпаведныя ведамствы Беларусі па дапамогу ў іх пошуку, але нават не атрымалі адказу, — кажа пракурор.

Аляксандр П. трапіў у рукі польскіх памежнікаў у сакавіку мінулага года. Ён неаднаразова ездзіў праз Польшчу ў Германію па сямейных абставінах.

Многія гады ён выкарыстоўваў пашпарт з фіктыўнымі дадзенымі, які нібыта купіў за $200.

Хоць у палякаў былі доказы супраць яго, яны не маглі спыніць мужчыну. Год таму ён перасек мяжу пад сваім сапраўдным імем, мабыць, таму, што віза ў фальшывым пашпарце скончылася.

Цяпер Аляксандр П. знаходзіцца пад вартай у турме ў Любліне. Пракуратура лічыць, што ён дапамог нелегальна пераправіць праз мяжу больш за 1300 чалавек.

— Аляксандр П. прызнаў сябе вінаватым па выстаўленых абвінавачаннях, — сказаў Ежынскі.

Працэс над беларусам пройдзе ў акруговым судзе Любліна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)