Общество

Беларускія музыкі граюць канцэрт супраць смяротнага пакарання (відэатрансляцыя)

8 кастрычніка беларускія музыкі граюць вялікі канцэрт супраць смяротнага пакарання. У межах акцыі “Рок за жыццё” ў мінскім клубе Re:Public гурты «Дай дарогу!», Re1ikt, «Мутнаевока», :B:N:, Sciana і «Тлушч!» выказваюцца за ўвядзенне мараторыя на вышэйшую меру пакарання ў Беларусі. Пачатак канцэрта і старт відэатрансляцыі — у 17.30.

Фестываль «Рок за жыццё», прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб'яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь дагэтуль застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.

5 кастрычніка распачаўся традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання, мерапрыемствы якога будуць праходзіць пад слоганам “Смяротнае пакаранне — незваротнае”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)