Скандалы
Сяргей Макарэвіч, «Наша Ніва»

Беларускія медсёстры, што загінулі пад Геленджыком, былі сектанткамі

Завершана расследаванне па факце знікнення беларусак у кастрыніку 2012 года.

«Аналіз атрыманай падчас следства інфармацыі паказаў, што зніклыя вялі надта адасоблены лад жыцця і апошнія некалькі гадоў сістэматычна адпачывалі ў г. Анапа Расійскай Федэрацыі. Гэта было абумоўлена тым, што расшукваемыя з’яўляліся паслядоўніцамі “руху Анастасіі”», — паведаміла прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.

Беларускія медсёстры з 4-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Аліна і Ганна адправіліся ў Расію летась 13 кастрычніка. З Мінска выехалі на цягніку да Анапы: у іх быў адпачынак. Пасля гэтага іх не бачылі.

Іх целы знайшлі сёлета 2 мая ў лесе каля расійскага Геленджыка ў палатцы. Па словах следчых, яны замерзлі яшчэ ў сакавіку.

У канцы сакавіка, між іншым, абедзьве павінны былі адсвяткаваць дні нараджэння. Аліне спаўнялася 31 год, Ганне — 32.

Вакол сяла Вазраждзенія (за 1,5 км ад яго і знайшлі целы беларусак) знаходзіцца шмат дальменаў, да якіх прыязджаюць турысты, часам з палаткамі. Многія вераць, што гэта не проста камяні. З таго часу, як Уладзімір Мегрэ ў сваіх кнігах апісаў дальмены каля Вазраждзенія, туды круглы год прыязджае шмат людзей. Нехта «з ляснымі духамі пагаварыць», хтосьці проста моліцца ў чаканні «прасвятлення» альбо «выздараўлення».

Дальмены — помнікі архітэктуры каменнага веку. Магчыма, тут хавалі племянных правадыроў і шаманаў. Некаторыя спадзяюцца, што дальмены дадуць багацце, здароўе, шчасце ў каханні, прасвятленне....

Гэта культавыя камяні для «анастасійцаў» — адной з новых расійскіх сектаў. Яе адэпты прадаюць гарадскія кватэры і ствараюць «родавыя маёнткі» ў розных месцах, каб з’яднацца з зямлёй. Вучоныя ж называюць іх таталітарнай сектай.

На мінскай кватэры беларусак, дарэчы, знайшлі кнігі Мегрэ.

Выглядае, што яны сапраўды прыехалі, каб далучыцца да сектантаў.

«Анастасійцы», між іншым, спавядаюць знаёмствы аднадумцаў і стварэнне сем’яў між імі. Так званыя «Злёты адзінокіх сэрцаў» праходзяць у розных месцах Расіі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)