Беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч трапіў у шорт-ліст прэстыжнай міжнароднай прэміі
Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) абвясьціла шорт-ліст прэміі Prix Voltaire 2024 у гонар выключнай мужнасьці ў адстойваньні свабоды кнігавыданьня.
У яго трапіў беларускі кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч, паведамляе Радыё Свабода.
«Выдавецтва Янушкевіча кідае выклік ціску на свабоду кнігавыданьня ў Беларусі, дзе выдаўцы сутыкаюцца зь перасьледам, штрафамі і арыштамі. Дырэктар Андрэй Янушкевіч сутыкнуўся з адвольнымі затрыманьнямі, канфіскацыяй кніг і прызнаньнем выдадзеных ім кніг «экстрэмісцкімі». У 2023 годзе ён быў вымушаны ўцячы ў Польшчу, дзе працягнуў выдавецкую дзейнасьць і адкрыў кнігарню ў Варшаве», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Сёлета ў шорт-ліст прэміі ўвайшлі пяць чалавек і арганізацый, якія прадэманстравалі стойкасьць і адвагу перад абліччам цэнзуры і прыгнёту, гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце прэміі.
Разам з Андрэем Янушкевічам у шорт-ліст прэміі трапілі:
- Турэцкі выдавец Асман Кавала. Займаўся прасоўваньнем культурнага абмену, правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцяў у сваёй краіне. Затрыманы ў 2017-м і ў 2022 годзе асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне паводле абвінавачаньняў, якія многія лічаць палітычна матываванымі.
- Душан Гойкаў, сэрбскі радыёрэжысэр, драматург, паэт, празаік, кампазытар і выдавец. У 1994 годзе заснаваў «Балканскі літаратурны весьнік». Абаронца свабоды слова, выступае за бясьпеку аўтараў, якія знаходзяцца пад пагрозай, і іх вываз у бясьпечнае месца.
- Расейскі выдавец Асламбек Ежаеў. Выдае перакладную ісламскую літаратуру. Быў арыштаваны ў красавіку 2021 году па абвінавачаньні ў фінансаваньні ісламскіх тэрарыстаў» і ў лютым 2023 году асуджаны на 17 гадоў зьняволеньня.
- Палестынскі выдавец Самір Мансур. Ягоныя кнігарня і выдавецтва больш за 20 гадоў былі найважнейшай часткай мясцовай супольнасьці ў Газе, выдаючы палестынскіх аўтараў і захоўваючы тысячы кніг на розных мовах. Разбураная ў 2021 годзе, адноўленая ў 2023-м, кнігарня зноў была пашкоджаная ў вайне паміж Ізраілем і ХАМАС.
— Сёлетні шорт-ліст паказвае, наколькі важныя выдаўцы для гарантаваньня свабоды выказваньня. Мы дзякуем ім усім за іх адвагу, — адзначыла старшыня Камітэту IPA па свабодзе кнігавыданьня Крыстэн Эйнарсан.
Цырымонія ўручэньня прэміі адбудзецца ў сьнежні 2024 году.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное