Коронавирус

Таццяна Гусева

Беларускі лекар, які працуе ў Польшчы: «Альбо каранавірус знікне, як свіны грып. Альбо застанецца назаўсёды»

Медык назваў сцэнары, як будзе разгортвацца сітуацыя з каранавірусам.

Лекар лічыць, што беларускім уладам няварта вынаходзіць ровар. Трэба рабіць тое ж самае, што і большасць заходніх краінаў. Фота з асабістага архіву

Беларус Міхаіл С. (па просьбе суразмоўцы не называем ягонае прозвішча – «С») працуе сямейным доктарам у дзяржаўнай і прыватнай клініках. Ён жыве ў маленькай вёсцы ў Падкарпацці. У інтэрв’ю «Салідарнасці» лекар распавёў, як змянілася праца медыцынскіх устаноў у Польшчы падчас пандэміі і даў парады беларусам, як сябе паводзіць у гэты перыяд.  

На думку Міхаіла, ёсць некалькі сцэнароў, як будзе разгортвацца сітуацыя з пандэміяй.

— Альбо каранавірус амаль знікне як некалі «гішпанка» ці іншыя грыпы, напрыклад, свіны. Альбо застанецца з намі назаўсёды ў паслабленнай форме. Час пакажа.

Не ведаю, як будуць далей развівацца справы ў маёй роднай Беларусі. Але ў Польшчы ўсё будзе доўжыцца, напэўна, яшчэ 2-3 месяцы. Пры умовах, што людзі будуць паводзіць сябе адказна, а ўлады і міністэрства аховы здароўя будуць прымаць правільныя захады.

Што можна сказаць дакладна, гэта тое, што гэтая пандэмія паказала нашыя недахопы і хібы. Нават у краінах Заходняй Еўропы з развітай медыцынай.

Якія захады польскіх уладаў варта пераняць беларусам?

— У час эпідэміі вельмі важна максімальна абмежаваць кантакты. Я думаю, няварта вынаходзіць ровар і рабіць дакладна тое ж самае, што і большасць заходніх краінаў.

Карантын. Пры магчымасці перанесці працу дадому. Самаізаляцыя. Яна магчымая толькі пры дапамозе дзяржавы: гэта крэдытныя канікулы, замарозка альбо скасаванне выплат унёскаў у фонд сацыяльнай бяспекі. Патрэбная падтрымка малога і сярэдняга бізнесу і г.д. У Польшчы ўсё гэта рэалізуецца з большым ці меншым поспехам. Канешне не без дапамогі ЕС.

Ці такі сцэнар магчымы ў Беларусі? Цяжка сказаць. Я не эканаміст, а лекар А ўсё пералічанае патрабуе значных фінансавых сродкаў.

У Польшчы ў асноўным будуць падтрымліваць мікрафірмы, дзе працуе да 10 чалавек. Яны не будуць плаціць унёскі ў фонд сацыяльнай бяспекі. Таксама малы бізнэс можа атрымаць беспрацэнтныя крэдыты на суму каля 5000 злотых (1092 еўра ў эквіваленце – «С»).

Лекар даў беларусам некалькі парадаў, які варта прытрымлівацца падчас пандэміі:

— Найперш — гігіена. Мыццё рук. Не кранацца твару. Ізаляцыя. Выходзіць з дому толькі насамрэч па патрэбе: крама, аптэка і г.д.

Для нас гэты вірус можа быць ня больш, чым слабая рэспіраторная інфекцыя, але для сталых і цяжка хворых людзей гэта можа скончыцца шпіталем і нават смерцю.

Днямі польскія ўлады зрабілі больш жорсткімі ўмовы карантыну, распавядае Міхаіл. Людзі могуць ездзіць на працу і з працы, а таксама выйсці з дому ў аптэку ці ў краму. Дзіцячыя пляцоўкі і турнікі на вуліцы зачынілі. Грамадскі транспарт ходзіць, максімум пасажыраў — гэта палова колькасці месцаў для сядзення.

— Да Вялікадня дзеці будуць дома. Адзін з бацькоў дзіцяці да 8 год мае права на матэрыяльную дапамогу — 80% ад сваёй зарплаты. Гэта дакладна столькі ж, як бальнічны.

У паліклініках усё функцыянуе праз телепарады, пацыентам выпісваюць электронныя рэцэпты па тэлефоне

Падчас пандэміі праца медыцынскіх устаноў у Польшчы змянілася.

— У Польшчы шпіталі адмаўляюць у планавых аперацыях. Лечацца і прымаюцца толькі пільныя выпадкі, — кажа Міхаіл. — У паліклініках усё функцыянуе праз тэлепарады. Як лекары першага кантакту (сямейныя), так і спецыялісты. Напрыклад, лоры, кардыёлагі, пульманолагі і гэтак далей.

Дзверы ў паліклінікі зачыненыя. Толькі пасля ўступнай размовы з лекарам пацыент мае права прыйсці на агляд.

У Міхаіла працы зрабілася болей.

— Штодня людзі тэлефануюць па драбязовых справах. Але ёсць і плюсы. Ад пачатку года лекары абавязаныя выпісваць электронныя рэцэпты. Гэта значыць пацыент тэлефануе на рэгістрацыю альбо асабіста да лекара. Ён выпісвае лекі тым, хто мае хранічныя хваробы, кажа пацыенту код рэцэпта. І той адразу ідзе ў аптэку па лекі.

У польскіх аптэках і крамах, са слоў Міхаіла, не хапае сродкаў для дэзінфекцыі. З маскамі таксама ёсць праблемы, бо зараз усё ідзе на дзяржзакупкі, тлумачыць суразмоўца «Салідарнасці».

У кабінеце Міхаіла ёсць сродкі для дэзынфекцыі, хірургічныя маскі, аднаразовы халат, акуляры — на выпадак, калі прыйдзе пацыент з падазрэннем на каронавірус.

— І гэта ў дзяржаўнай (публічнай) паліклініцы. Бо прыватны сектар заўсёды мае трохі лепшыя ўмовы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(42)