Общество
Ігар Карней, Радыё Свабода

Беларускі альпініст цудам ацалеў

Беларускі ўдзельнік міжнароднай альпінісцкай экспэдыцыі на вяршыню “К-2” Віктар Кульбачэнка пры канцы жніўня зьбіраецца адляцець з Пакістану ў родны Барысаў. Як паведамілі ў Беларускай фэдэрацыі альпінізму, беларус цудам ацалеў, трапіўшы пад лавіну. Чацьвёра з васьмі альпіністаў (усе – грамадзяне Расеі) загінулі. Чагоры лічыцца адной з самых непрыступных вяршыняў сьвету (другой, паводле вышыні, пасьля Эвэрэсту).

Год таму на Алтаі селевы паток пахаваў пад сабой чацьвёра беларусаў, двое зь якіх дагэтуль лічацца зьніклымі бязь вестак. Віктар Кульбачэнка – самы вядомы альпініст Беларусі. Ён першы зь беларусаў, хто скарыў найвышэйшую вяршыню сьвету – Эвэрэст.

У Беларускай фэдэрацыі альпінізму паведамілі, што чатыром з васьмі спартоўцам удалося выжыць пасьля сыходу лавіны, і яны вярнуліся ў базавы лягер. У ліку іх – і Віктар Кульбачэнка. Дзесьці за 200 мэтраў да вяршыні Чагоры дзьве першыя зьвязкі альпіністаў накрыў шчыльны сьнежна-лядовы пласт, які яшчэ называюць “сьнежнай дошкай”. Лавіна пахавала й Кульбачэнку. Ды той ня толькі здолеў адкапацца, але й выратаваў сябра па зьвязцы. Аднак зь перасьцярогі перад пагрозай новай лавіны было вырашана ісьці ўніз.

Кантактаў зь Віктарам Кульбачэнкам дагэтуль няма. Сувязь са зьнешнім сьветам у экспэдыцыі “К-2 Кузбас” падтрымліваў расеец Аркадзь Кувакін, які загінуў першым.

Роўна год таму на гары Бялуха ў Алтаі селевы паток накрыў лягер беларусаў. У выніку два чалавекі загінулі, двое дагэтуль лічацца зьніклымі, пяцёра параненых альпіністаў былі дастаўлены ў шпіталь гораду Горна-Алтайск. Сярод загіблых – лідэр групы Георгі Маскалёў, добра напрактыкаваны Ўладзімер Белановіч, які кіраваў паходамі 5-й катэгорыі складанасьці, а таксама Аляксандар Прохараў і Кірыл Коршак.

У Нацыянальным Алімпійскім камітэце, які часткова прафундаваў удзел Віктара Кульбачэнкі ў міжнароднай экспэдыцыі, паведамілі: квіток з Ісьлямабаду да Масквы ў беларуса датаваны 29-м жніўня. І калі ня здарыцца нічога непрадбачанага, у Менску спартовец зьявіцца ў першыя дні верасьня.

Альпіністы з раўніннай Беларусі добра вядомыя ў сьвеце. Яшчэ да сярэдзіны 1990-х сёньняшнія “зоркі” альпінізму, многія зь якіх рабілі толькі першыя крокі, узьнесьлі тагачасны дзяржаўны бела-чырвона-белы сьцяг да найвышэйшых вяршынь. Той жа Віктар Кульбачэнка разгарнуў бела-чырвона-белы сымбаль сваёй краіны над Канчынджангай у Гімалаях. Адна з самых вядомых беларускіх альпіністак, Ірына Вялянкова, увекавечыла гістарычнай сымболікай “васьмітысячнікі” Даўлягіры й Шаша-Пангма. Тое ж зрабіў Эдуард Ліпень на Чо-Айю ў Нэпале. “Ветэран” беларускага альпінізму Валер Майсеенка пад бела-чырвона-белым палотнішчам зрабіў цэлы шэраг гучных узыходжаньняў.

Увогуле ж, паводле Беларускай асацыяцыі альпінізму, скалалазаньнем у Беларусі займаецца больш за тысячу чалавек, і ў значнай часткі зь іх захапленьне горным спортам пачалося менавіта ў першыя гады атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)