Коктейль
Сяргей Будкін, «Наша ніва»

Беларуская рок-музыка выдадзеная на МР3

Праект запачаткаваў лэйбл «Aist Music» — адгалінаваньне кампаніі «Vigma». Ужо зьявіліся па два дыскі пад кідкімі вокладкамі з усімі альбомамі і кліпамі гуртоў «Нэўра дзюбэль» і «Ляпіс Трубяцкой». На чарзе — «Песьняры».

Кіраўнік «Aist Music» Уладзімер Кубышкін піша песьні для поп-праектаў «Черника», «Топлес» і А.Саладухі і паралельна выдае альбомы «альтэрнатыўнікаў». За тры гады выйшлі альбомы гуртоў «Куклы», «Нэўра дзюбэль», «Палац». Кубышкін выдае тое, чаго, на яго думку, патрабуе беларускі музычны рынак. Сёньня на ім відавочны брак МР3-складанак — зручнага фармату, бо на адным дыску можна зьмясьціць зь дзясятак альбомаў, некалькі відэакліпаў і з паўсотні фатаздымкаў.

Цяпер вядуцца перамовы наконт працягу рок-калекцыі складанкамі ад «N.R.M.» і «Уліса». «У сваім выбары мы арыентаваліся на гурты, якія маюць свайго слухача, зрабілі ўнёсак у айчынную музычную культуру і маюць прывабны і рэнтабэльны прадукт», — кажа У.Кубышкін.

Дыскі з чатырнаццацьцю альбомамі «Нэўра дзюбэля» і шаснаццацьцю «Ляпісаў» — цалкам легальны прадукт. Аляксандар Кулінковіч сам трансьлітараваў назвы сваіх песьняў з кірыліцы ў лацініцу, каб ва ўсіх прайгравальніках яны чыталіся. Усе аўтарскія адлічэньні «Aist Music» сплачвае.

У.Кубышкін ня лічыць, што продаж МР3-калекцыі можа адбіцца на рэалізацыі поўнафарматных альбомаў — даражэйшых, але ў якасным CD-фармаце: «Усе гэтыя альбомы паасобку ўжо былі прададзены тысячнымі накладамі, ад выданьня іх у іншым фармаце выканаўцы набываюць дадатковыя грошы і піяр».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)