Скандалы
Алесь Пілецкі, «Наша Ніва»

Беларуская праваслаўная царква лічыць фільм пра БХД «заказным палітычным матэрыялам»

Прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы па сувязях са СМІ назваў фільм пра БХД «заказным палітычным матэрыялам, які выклікаў у епіскапаце вельмі негатыўную рэакцыю».

Афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы пракаментаваў прэс-службе аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя выказванні некаторых прадстаўнікоў Царквы ў адрас БХД. Яны прагучалі ў матэрыяле Беларускага тэлебачання, паказаным перад візітам патрыярха Кірыла ў Беларусь.

Архімандрыт Аляксей у гутарцы з прэс-службай БХД адзначыў, што «гэты заказны палітычны матэрыял, тым больш, паказаны падчас візіту ў нашу краіну патрыярха Кірыла, выклікаў у епіскапаце вельмі негатыўную рэакцыю».

Архімандрыт Аляксей таксама адзначыў, што Царква «ні ў якім выпадку не выступае супраць хрысціянска-палітычных партый і рухаў, а наадварот, вітае дзейнасць падобных і іншых палітычных арганізацый, калі іх канцэпцыя не супярэчыць хрысціянскай маралі і хрысціянскіх каштоўнасцяў».

У сюжэце, паказаным па БТ, выказваўся загадчык юрыдычнай службай Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускага Экзархата Андрэй Алешка, а таксама протадыякан Андрэй Кураеў, клірык Маскоўскай епархіі. Паводле архімандрыта Аляксея, спадар Алешка выказваў сваё асабістае меркаванне аб БХД, якое супярэчыць нават афіцыйнаму царкоўнаму дакументу «Асновам сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы».

А Андрэй Кураеў ўвогуле не меў права выказвацца аб палітычнай і сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі, так як з’яўляўся толькі госцем беларускага Экзархата. «Мы б не хацелі, каб прыватныя думкі сталі пачаткам негатыўных адносін Беларускай Праваслаўнай Царквы з хрысьціянска‑палітычнымі рухамі. Мы зноў сведчым, што Царква, ажыццяўляючы сваё служэнне ў беларускім грамадстве, служыць выключна для стварэння свету і згоды ў нашым народзе і царкоўным асяроддзі», -- адзначыў прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы.