Экономика
Ігар Карней, ”Радыё Свабода”

Беларуская прамысловасьць працуе на склад

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі падрыхтаваў справаздачу, згодна зь якой запасы гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў ад пачатку сусьветнага фінансавага крызісу перавысілі палову ад вырабленай — амаль 55%.

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі падрыхтаваў справаздачу, згодна зь якой запасы гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў ад пачатку сусьветнага фінансавага крызісу перавысілі палову ад вырабленай — амаль 55%.

Як паведамляюць у Нацыянальным статыстычным камітэце, за лістапад запасы гатовай прадукцыі вырасьлі амаль на ўсіх прадпрыемствах. Паводле зьвестак на 1 сьнежня, складаваная прадукцыя ў прамысловасьці Беларусі перавысіла 63% сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці. Прыкладам, у Міністэрстве прамысловасьці адносіны запасаў да штомесячнага аб’ёму склалі за студзень-лістапад 93%. Яшчэ ў кастрычніку гэты паказьнік быў 76%.

Лідэрамі ў напаўненьні складоў — вытворцы буйнагабарытнай бытавой тэхнікі. Так, запасы пральных машынаў да сярэднемесячнага аб’ёму на 1 сьнежня склалі амаль 250%, тэлевізараў — больш за 167%. Істотна вырасьлі запасы ў дзяржаўных канцэрнах. Прыкладам, аб’ёмы не прададзеных кансэрваў у структуры “Белдзяржхарчпраму” перавысілі 230%, запасы тканіны ў “Беллегпраме” набліжаюцца да 200%. Паводле статыстычнага ведамства, запасы грузавых аўтамабіляў перавысілі 105%, трактароў — 78%, падшыпнікаў — 186%.

Аднак кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан лічыць, што нават гэтыя немалыя лічбы могуць быць істотна заніжаныя:

“Не выключаю, што шмат па якіх пазыцыях лічбы Белстату заніжаныя, прычым ведамства ў гэтым не вінаватае. Прычынай — прадпрыемствы, якія маюць тавараправодную сетку ў той жа Расеі. Многія гэта зрабілі, у тым ліку адчынілі даччыныя кампаніі, каб вырашыць праблему падатку на дададзеную вартасьць па краіне прызначэньня — як цэнтральныя аптовыя склады ў Маскве. Частка гэтых таварных запасаў выведзена туды і ў справаздачнасьці паказана як рэалізаваная. Таму што іншая юрыдычная асоба. Грошы паступілі ці не — трэба ў канкрэтнага прадпрыемства глядзець, але шмат хто так зрабіў, каб палепшыць гэты паказьнік. Таму што “барацьба” за паказьнікі існуе, асабліва на буйных прадпрыемствах. Бюракратыя, чыноўнікі ціснуць на дырэктараў у гэтым сэнсе, каб (у іхным разуменьні) добра выглядаць перад вышэйшым кіраўніцтвам. Але гэты “добры выгляд” каштуе вельмі вялікіх грошай, як мы бачым”.

На тле складзкога назапашваньня прадукцыі назіраецца істотнае скарачэньне вытворчасьці — захоўваньне ўжо вырабленага тавару патрабуе немалых выдаткаў на ахову ад разукамплектаваньня, арэнду плошчаў, падтрыманьне таварнага выгляду закансэрваванай прадукцыі і г.д. Таму ў галіне машынабудаваньня ў лістападзе ў параўнаньні з кастрычнікам вытворчасьць зьнізілася больш як на 20%, у дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасьці — на 11,5%, у вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў — на 10%, у лёгкай прамысловасьці — на 9,5%, у нафтахімічнай сфэры — на 9%. Пры гэтым аналітыкі прагназуюць яшчэ большы спад вытворчасьці, у сярэднім на 10%, калі прыйдзе час параўноўваць сьнежаньскія тэмпы вытворчасьці зь лістападаўскімі.

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што тэмпы спаду вытворчасьці ў Беларусі наўпрост залежаць ад таго, якія працэсы адбываюцца ў эканоміцы Расеі:

“Усё гэта адлюстроўвае тое, што і прадказвалі аналітыкі: зьніжаецца попыт на беларускую прадукцыю, і асабліва ён зьніжаецца ў Расеі. Бо ў Расеі таксама адбываецца спад у вытворчасьці. Напрыклад, за мінулы месяц, за лістапад, прамысловая вытворчасьць скарацілася ў Расеі на 10% у параўнаньні зь месяцам папярэднім. Гэта вельмі хуткі спад у прамысловасьці краіны, які аўтаматычна прадугледжвае і вельмі небясьпечны спад нашага экспарту ў Расею. І таму вось гэтыя лічбы павелічэньня запасаў тавараў на складах, якія мы з вамі абмяркоўваем, ужо адлюстроўваюць: усё гэта будзе працягвацца ў наступным месяцы таксама”.

Карэспандэнт: “Несуцяшальныя прагнозы перадусім з-за таго, што прагназуецца паглыбленьне крызісу ў Расеі?”

“Галоўнае, што ўплывае на працу перапрацоўчай прамысловасьці ў Беларусі, — гэта стан расейскай эканомікі. А ён пагаршаецца. І будзе пагаршацца”.

Між тым яшчэ летась Савет міністраў Беларусі адмысловай пастановай вызначыў міністэрствам і ведамствам заданьне на 2008 год на зьніжэньне запасаў гатовай прадукцыі. З прычыны фінансавага крызісу практычна ніводнае галіновае ведамства ўрадавага заданьня ня выканала.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)