Общество
Аліна Машкова

Беларуская мова дайшла да апошняй кропкі

Беларускім Зьмітрам, Міхасям і Міколам час рыхтавацца да перайменавання ў Дзмітрыяў, Міхаілаў і Мікалаяў. Па чутках, гэткія змены прадугледжваюцца ў праекце новых правіл правапісу і пунктуацыі, які міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў павінен пакласці на стол кіраўніка дзяржавы праз два тыдні. У народзе чарговую версію беларускай мовы ўжо назвалі «лукашэвіцай».

Пакуль праект не падпісаны, у Міністэрстве адукацыі і ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, дзе яго і распрацоўвалі, асцерагаюцца раскрываць падрабязнасці, далікатна называючы змены, якія павінны адбыцца, не рэформай, а ўдакладненнямі. Карэспандэнту «Салідарнасці» удалося высвятліць толькі тое, што зменяцца правілы пераносу, напісання некаторых імёнаў, у нескладовага, значнай часткі запазычаных слоў, а таксама пашырыцца выкарыстанне нехарактэрных для беларускай мовы русіфікаваных форм дзеясловаў, якое фармальна было дазволенае і раней.

—Хутчэй за ўсё, новы праект прадугледжвае «касметычны рамонт», — лічыць дацэнт Гомельскага універсітэта Зміцер Паўлавец, які дасканала вывучаў папярэднія напрацоўкі.

Беларускія літаратары тым часам не сумняваюцца: рэфарматар Аляксандр Лукашэнка, які ўпэўнены, што па-беларуску «нельзя высказать ничего великого», будзе настойваць на канчатковым падладжванні мовы да норм «великого и могучего русского языка».

— В последний раз правила менялись в 1957 году. За это время язык как живое существо развивался, наполнялся и совершенствовался. По этой причине, как полагает президент, а также потому, что существует разное понимание правил, современные четкие нормы правописания крайне необходимы, — як звычайна, па-руску паведаміў журналістам пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы міністр Радзькоў.

З гэтых слоў вынікае, што «лукашэвіцу» распрацоўвае не самы дасведчаны ў моўным пытанні чалавек. Бо беларускія навукоўцы рабілі спробу ўдасканаліць правілы яшчэ на пачатку 1990-х гадоў. Яны палічылі змены і спрашчэнні беларускага правапісу, які зацвердзілі ў 1933-м народныя камісары, фактам палітычнага ўмяшальніцтва ў моўны працэс. У 1994 годзе быў падрыхтаваны праект рэформы мовы, які прадугледжваў у тым ліку і пашырэнне выкарыстання мяккага знака.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года удасканаленне мовы не спынілася. Праўда, намаганні навукоўцаў ужо былі скіраваныя на тое, каб зрабіць яе больш падобнай на рускую. Чарговы варыянт праекта рыхтаваўся цягам некалькіх гадоў і быў зацверджаны прэзідыумам Нацыянальнай акадэміі навук у 2004-м. Заставалася толькі паставіць подпіс кіраўніка дзяржавы. Але праект актыўна крытыкавалі і навукоўцы, і літаратары, і выкладчыкі беларускай мовы. Таму на нейкі час улады пакінулі гэтае пытанне па-за ўвагай. Пакуль не пабачыў свет альтэрнатыўны афіцыйнаму «Беларускі клясічны правапіс», заснаваны на нормах «тарашкевіцы», якой дагэтуль карыстаюцца нацыянальна свядомыя беларусы.

«Тарашкевіца» — галоўны вораг беларускіх чыноўнікаў, якія лягчэй за ўсё засвойваюць «трасянку» — сумесь рускай мовы з беларускай. Насуперак савецкім і пастсавецкім рэфарматарам мовы «тарашкевіца» існуе ўжо амаль стагоддзе і дагэтуль не была заканадаўча забароненая. Паяўленне чарговай афіцыйнай версіі мовы можа ўнесці свае карэктыроўкі.

— Гэта навуковае пытанне. Не надавайце яму палітычнага гучання, — папярэдзілі карэспандэнта «Салідарнасці» ў Міністэрстве адукацыі.

І ўсё ж нездарма ж у мінулую пятніцу адухоўлены размовай з кіраўніком дзяржавы міністр Радзькоў паведаміў прэсе: «если эти нормы будут приняты на уровне главы государства, новых правил должны будут придерживаться все, в том числе участники централизованного тестирования и СМИ». Гэтая заява дае падставы сцвярджаць, што, калі за гутарку на «тарашкевіцы» грамадзян і не будуць пераследаваць, то новыя правілы стануць грунтоўнай падставай для закрыцця тых нешматлікіх сродкаў масавай інфармацыі, якія ёю карыстаюцца.

У любым выпадку ўвядзенне «лукашэвіцы» дэструктыўным чынам адаб'ецца на беларускай мове і зменшыць яе ролю ў беларускім грамадстве.

— Замест таго, каб пашыраць выкарыстанне роднай мовы, яны сваімі бязглуздымі рэформамі давядуць яе да апошняй кропкі, — сказала «Салідарнасці» настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Пракаповіч.

Па яе словах, напярэдадні новага вучэбнага года настаўнікі занепакоеныя тым, як будуць вучыць дзяцей «новай беларускай мове» без падручнікаў і метадычных дапаможнікаў. «Пакуль дырэктар супакоіла нас: «Будем пользоваться старыми учебниками и вносить коррективы по мере их поступления», — распавядае Алена Іванаўна.

Пасля таго, як міністр адукацыі на ўсю краіну заявіў па тэлебачанні, што «каждый выпускник школы должен в совершенстве владеть разговорным европейским языком или китайским», дырэктару, сапраўды, не да праблем беларускай мовы: кітайская мова —занадта складаная для вывучэння, а еўрапейскай дык і ўвогуле не існуе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)