Общество
Вольга Слуцкая

Беларуская мекка сэкс-турызму (фотарэпартаж)

Карэспандэнт «Салідарнасці» здейсніла сэкс-тур у лес з непрыстойнай назвай, у якім некалькі дзясяткаў гадоў знаходзяць фалічныя сімвалы. Мясцовыя жыхары і не здагадваюцца, што краязнаўцы даўно ахрысцілі лес, што корміць іх улетку, Х..евым.

«Салідарнасць» знайшла месца, якое магло б стаць меккай эротыкі не толькі для замежнікаў, але і для беларусаў.

Лес каля вёскі Дарахі Гарадоцкага раёна знаходзіцца недалёка ад расейскай мяжы. Менавіта тут на пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя краязнаўца Іван Вашчыла першым даследаваў і звярнуў увагу спецыялістаў на мясцовасць, якая, верагодна, з’яўлялася месцам пакланення мужчынскаму дзетароднаму органу, — так званы «Х..вы лес».

Гідам карэспандэнта «Салідарнасці» па эратычных мясцінах ласкава пагадзіўся выступіць краязнаўца Леанід Гаравы

Калі Вашчыла хадзіў і збіраў на курганных могільніках камяні фалічнай формы, нехта з мясцовых лічыў яго за блазна, але большасць ставілася з павагай і нават адпраўляла дзяцей дапамагаць вучонаму.

— Краязнаўца паказаў гэтыя экспанаты віцебскім аматарам даўніны, і яны там разыйшліся, — распавядае наш гід па эратычных мясцінах Леанід Гаравы. — Потым павез частку калекцыі ў Мінск. Ёсць легенда, як быццам бы Вашчыла пакінуў у сталіцы мяшок з каменнымі фаласамі, і яны там зніклі... Шкада, бо трапляліся сапраўды ўнікальныя экземпляры — да 70 сантыметраў.

У ліхія 90-ыя ў Гарадоцкім краязнаўчым музеі з’явіліся ўласныя экспанаты — старажытныя фалічныя фігуры розных форм і памераў. Іх падараваў музею мясцовы краязнаўца Барыс Гордзін.

Сёння ў фалічнай калекцыі — 21асобнік. Самы вялікі — мара наведніцы сэкс-шопа — 30 сантыметраў! Праўда, у экспазіцыі вы іх не ўбачыце. Сексуальныя экспанаты сарамліва хаваюцца ў фондах.

— Музей наведваюць і дзеці, і дарослыя. Як мы малым патлумачым, што гэта такое? — усміхаецца супрацоўніца музея.

Хоць, як прызналася «Салідарнасці» дырэктарка ўстановы Тамара Іванова, у яе была ідэя на Ноч музеяў зладзіць выставу «толькі для дарослых».

— Нам жа трэба выконваць платныя паслугі! — гаворыць суразмоўца. — А потым атрымалася, што дарослых наведнікаў было мала, пераважна дзеткі, і я вырашыла, што мяне не зразумеюць.

Дырэктарка музея Тамара Іванова дэманструе каменныя артэфакты, знойдзеныя на ўласных агародах гарадоцкімі жыхарамі

— Лес з назвай Х..вы — адзіны ў свеце, — адзначае краязнаўца Леанід Гаравы. — А на поставецкай прасторы няма ніводнага музея фаласу! Я чуў, што ў еўрапейскіх краінах ёсць. І ў Японіі таксама пакланенне фаласу як працягу рода і павышэнню ўрадлівасці. Гэтая асаблівасць нашай мясцовасці заслугоўвае пэўнай увагі і магла б быць эксклюзіўным накірункам вандровак па Гарадоччыне.

На думку Леаніда Гаравога, на фаласах, як артэфактах старажытнай рэлігіі, можна было б добры бізнес зрабіць. Напрыклад, наладзіць вытворчасць фалічных камянёў і прадаваць іх турыстам.

І сапраўды, у музеі ў сталіцы Германіі, што на Фрыдрыхштрасе, дагэтуль гандлююць кавалкамі берлінскай сцяны. Чаму б і нам не завабіць турыстаў — як замежных, так і суайчыннікаў?

Ці сведчаць знаходкі археолагаў і краязнаўцаў пра тое, што менавіта на Гарадоччыне жылі самыя сэксуальныя беларусы?

Дырэктарка музею Тамара Іванова упэўненая, што не.

— Культ пакланення фаласу як сімвалу плоднасці, урадлівасці і прадаўжальніку жыцця вядомы ва ўсіх народаў свету. Ён існаваў у Старажытным Егіпце, Рыме, Грэцыі… Нашыя продкі-язычнікі не выключэнне. Яны стваралі ідалы, закопвалі іх і вымольвалі ўраджай. Тым больш, што нашыя землі на Гарадоччыне не такія шчодрыя, як на Берасцейшчыне ці Гарадзеншчыне. У нас кожны год — бітва за ўраджай, гаворачы савецкай мовай. Людзі, якія да нас з Палесся прыехалі, першыя гады не маглі нічога вырошчваць, таму што не разумелі, што ўсе трэба закрываць да самага ліпеня.

Але не толькі дзеля таго, каб павысіць урадлівасць, нашыя продкі пакланяліся фаласам. Таксама яны бачылі ў іх сімвал мужчынскага пачатку і памнажэння роду. Археолагі прыводзілі прыклады, калі ў XIX стагоддзі на магілах дзяўчын, якія не паспелі выйсці замуж, ставілі помнікі ў форме фаласа.

Некаторыя навукоўцы лічаць фаласы прыроднай з’явай, маўляў, хутчэй за ўсе «пастаралася» вада, якая адпаліравала іх за стагоддзі.

Тамара Іванова мяркуе, што нашыя прашчуры выраблялі фаласы самі.

Як кажа Леанід Гаравы, даследавання часу іх утварэння няма. Дакладна вядома, што дарахоўскія курганныя могільнікі, дзе знаходзілі артэфакты, датычацца IV стагоддзя да нашай эры, а апошнія — IX-XI стагоддзяў нашай эры.

Большая частка каменных фаласаў знойдзена у раёне вёскі Прудок, на дне возера Сенніца і ў лесе ў ваколіцах вёскі Дарахі.

Вёсачка, якая туліцца да леса, што на мяжы з Расіяй, на пачатку 30-х гадоў мела 55 двароў. Цяпер узімку тут застаецца чацвёра чалавек.

— Нам не страшна. Мядзведзі зімой спяць, а ваўкі да нас не прыходзяць, —гавораць старыя.

У гэтай хаце адзіны тэлефон на ўсю веску. А мабілкі тут не ловяць

Пра сілу каменных фаласаў мясцовыя жыхары нічога не ведаюць. Толькі скардзяцца на тое, што пасадзілі агарод, а расце слаба. Такім чынам, мае рацыю дырэктарка музея, якая бачыць у артэфактах сімвал урадлівасці.

Марыя Васільеўна перажывае, што бульба яшчэ не цвіла

Самую вялікую каменную фігуру фалічнай формы знайшлі падчас мінулагодняй экспедыцыі ў Дарахоўскі лес Леанід Гаравы і яго жонка Таццяна. Смяецца, што не здолеў прыцягнуць яе ў музей. На камяні адпячатаны адбітак далоні. Дакранулася да магічнага сімвала і я. Жаданне, вядома, загадала інтымнае.

— У маёй калекцыі таксама ёсць каменны фалас. Усе будзе добра, калі яго пагладзіш, — усміхаецца мой гід.

Калі хочаце пабачыць дарахоўскія фаласы на свае вочы і праверыць, ці дзейнічаюць тыя прыкметы, у якія верылі нашыя продкі — завітайце ў Гарадок.

Дарога цягніком са сталіцы (31 800 Br за квіток) зойме каля пяці гадзін. Ноч можна правесці ў мясцовым гатэлі — даволі прыстойным — па суседству з вяселымі будаўнікамі. Нумар «люкс» выглядае як мара вясковых маладажонаў і каштуе 155 тысяч рублеў на суткі. Каб дабрацца да гасцініцы, трэба загадзя дамовіцца з таксістамі, бо па начох яны не працуюць, а ўлічваючы, што цягнік прыбывае амаль апоўначы, вам свеціць дабірацца да месца начлегу пешшу некалькі кіламетраў. Тэлефоны таксі вам падкажа адміністратар гатэлю.

І не забудзьцеся захапіць спрэй ад камароў, калі збіраецеся ў дарахоўскі лес і на возера. Маскіты з расейскай мяжы — гіганцкіх памераў — бязлітасныя, калі чуюць беларускую мову.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)