Общество
Анастасія Зелянкова

Беларуская эліта ў ложку-2

За сваё жыццё Францішка Уршуля Радзівіл была цяжарная 34 разы. Пра гэты і іншыя факты з жыцця найбольш выбітных змагароў сексуальнага фронту з ліку нашых продкаў распавядае “Салідарнасць”.

Першую частку артыкула “Беларуская эліта ў ложку” чытайце тут.

Эпоха распусты

Калі ў 17 ст. пра секс больш гаварылі і пісалі, то ў 18 ст. гэтыя тэмы пачалі паступова адыходзіць на задні план. Прыкметна больш стала рэлігійных забабонаў, з паэтычных зборнікаў пачалі выкідаць любоўныя вершы Яна Каханоўскага. Але разам з тым у жыцці назіралася адваротная сітуацыя.

— Разгульнасці стала значна больш, — кажа даследчык. — Чым горш была сітуацыя ў краіне, тым больш шляхта гуляла, піла, весялілася. Калі дэклараваная культура стала больш жорсткай, то пабытовае жыццё больш распусным. Краіна ішла да канца, народ весяліўся напрапалую.

У гэты час найбольш папулярнай забавай беларускай знаці сталі рознага кшталту маскарады. Гэтая забава прыйшла з Еўропы і адразу ж вельмі спадабалася мясцовым шукальнікам прыгод.

У масцы чалавек мог дазволіць сабе значна болей. Для маскарадаў звычайна арэндавалася вялізная зала недзе ў горадзе — не кожны магнат жадаў ладзіць такія святы ў сваім доме. У такіх памяшканнях было шмат маленькіх пакойчыкаў, ключы ад якіх гаспадар здаваў у арэнду тым, хто ў іх асабліва меў патрэбу. Так прысутныя маглі непазнанымі ў масках, пакуль астатнія балявалі, сустрэцца і выдатна правесці час. Муж не ведаў, што рабіла жонка, тая — чым займаецца ў гэты час муж.

Норавы тагачаснай знаці ўвогуле цяжка назваць пурытанскімі. Прыкладаў, калі заможная шляхта карысталася сваім становішчам у дачыненні да прыгонных, незлічонае мноства. Шляхціч мог беспакарана заляцацца да сялянскіх дзяўчат і гэта не лічылася вялікім грахом.

У некаторых маёнтках існаваў нават звычай права першай ночы. Захаваліся звесткі, што падобнае практыкавалася ў князёў Глінскіх, якія жылі ў маёнтку Жыгулі, Веліжскага павета на Віцебшчыне. На другім паверсе іх палаца спецыяльна для гэтай мэты быў нават прыстасаваны асобны пакой, дзе стаяў толькі ложак. Сялянская дзяўчына, якая выходзіла замуж, павінна была праводзіць з памешчыкам апошнюю ноч перад шлюбам. Раніцай прыходзіў малады, і памешчык паведамляў яму, ці была дзяўчына цнатлівай. У горшым выпадку маладую распраналі і секлі бізунамі. Калі ж дзяўчына аказвалася “чэснай”, ёй давалі добры пасаг: карову, парася, два адрэзы палатна па 12 аршын і насення на дзве дзесяціны. Вядома, што падобныя звычаі існавалі і ў маёнтку Усвяты, і ў Мілавідах, і яшчэ ў некаторых месцах.

— І ўсё ж такія рэчы былі нехарактэрныя для Беларусі, — сведчыць даследчык. — Мы былі больш еўрапейскімі і падобныя варварскія адносіны для нас не ўласцівыя. Расейскае прыгоннае права магло б даць больш такіх прыкладаў.

Але хапала і ў нас розных вычварэнцаў. Варта прыгадаць таго ж Марціна Радзівіла. Ёсць судовыя дакументы, якія сведчаць, што гэты прадстаўнік знакамітага роду трымаў у сваім маёнтку ў нечалавечых умовах вялікае мноства сялянскіх дзяўчат, якіх выкарыстоўваў для ўласных уцех. Народжаных у выніку гэтага дзяцей, ён забіваў. Праўда, у рэшце рэшт, звар’яцелага распусніка арыштавалі і асудзілі.

Змагары сексуальнага фронту

Пэўна, аповед пра любоўныя прыгоды і сексуальнае жыццё нашых продкаў будзе няпоўным, калі не прыгадаць хаця б некалькі асоб, што пакінулі свой след на эратычнай ніве гісторыі. Першай у гэтым спісе, несумненна, будзе жонка караля Жыгімонта Аўгуста Барбара Радзівіл.

“Польскай Месалінай” і “вялікай блудніцай” называлі гэтую жанчыну. Сённяшнія гісторыкі звычайна спыняюцца толькі на расповедах пра яе рамантычнае каханне з каралём Жыгімонтам Аўгустам, забываючы расказаць, колькі мужчын — ад шляхціча да дваровага служкі — прайшлі праз яе ложак.

Вядома, што калі Жыгімонт нарэшце вырашыў ператварыць свае інтымныя стасункі з Барбарай у афіцыйныя, “дабразычліўцы” паднеслі яму спіс былых каханкаў будучай жонкі (у гэтай справе паспрыяла каралева-маці Бона Сфорца, якая, дарэчы, і сама не вызначалася выключнай цнатлівасцю). Колькі ў тым спісе было пунктаў, зараз сказаць цяжка — хутчэй за ўсё яго прадбачліва знішчылі, — але, па ўспамінах відавочцаў, глядзеўся ён вельмі пераканаўча.

Як можна зразумець, гэта не дапамагло разладзіць шлюб — кароль дараваў свай каханай. Можа, яшчэ і з той прычыны, што ягоны спіс палюбоўніц таксама ўражваў.

Славу лавеласа меў і Караль Станіслаў Радзівіл з характэрнай мянушкай Пане Каханку. Пра яго любоўныя прыгоды хадзіла мноства гісторый. У тым ліку і пра тое, што Караль Станіслаў не супраць быў пазабавіцца з сялянкамі.

Але, шчыра кажучы, не ўсе даследчыкі падзяляюць меркаванне пра яго надзвычайныя дасягненні ў інтымнай справе. Кажуць, што калі гэты чалавек што і любіў больш за ўсё, дык гэты паесці ды выпіць.


Затое наўрад ці хто пераплюнуў у амурных прыгодах апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Па некаторых падліках ён пакінуў пасля сябе больш за 100 дзяцей і проста незлічоную колькасць несуцешных каханак. Самая славутая з іх — расійская імператрыца Кацярына ІІ. Бурны раман іх здарыўся, калі тая яшчэ не ўзышла на прастол.

У 1758 годзе перад Калядамі Кацярына нарадзіла ад “свайго Стася” дзяўчынку, але неўзабаве дзіця памерла. Стаўшы імператрыцай, яна аддзячыла Панятоўскаму, зрабіўшы яго Вялікім князем і каралём Рэчы Паспалітай. Але потым, невядома за якія грахі, сама ж пазбавіла дзяржавы ў выніку трох падзелаў.

Помсцячы былому каханку, Кацярына запатрабавала прывезці ў Пецярбург ягоны трон і зрабіць з яго унітаз для “отправления ея императорских физиологических потребностей”. На гэтым самым троне-унітазе ў 1796 годзе яе і хапіла кандрашка.


Што ж тычыцца жанчын, то па колькасці дзяцей мала хто мог бы паспаборнічаць тут з Францішкай Уршуляй Радзівіл. За сваё жыццё яна была цяжарная 34 (!) разы.

Пра кожную цяжарнасць сваёй жонкі яе муж Міхал Казімір падрабязна запісваў у дзённіках. Праўда, варта адзначыць, што да сталага ўзросту з гэтых 34-х дзяцей дажыў толькі адзін — той самы Пане Каханку. Ён жа, дарэчы, дзяцей увогуле не меў.

Будзем думаць, прыйдзе час і адкрыюцца і іншыя слаўныя імёны беларускіх змагароў сексуальнага фронту. Як бы там ні было, але і зараз можна казаць: нашы продкі мала ў чым саступалі нам, а ў некаторых выпадках маглі б і даць фору.

-- Прынцыпова нічога не змянілася, — упэўнены мой суразмоўца. — Людзі і ў тыя часы ўмелі кахаць і з задавальненнем гэта рабілі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)