Комментарии
Сямён Печанко, «Наша Нiва»

«Беларуская дзяржава паўстала ў выніку распаду СССР»

Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выдала кнігу «Ваенная школа Беларусі: традыцыі і сучаснасць». Беларусь для аўтараў кнігі — а гэта кіраўнікі вайсковых навучальных установаў — застаецца не нацыяй і не дзяржавай, а тэрыторыяй, акругай Расіі.

Кніга адрасаваная беларускім афіцэрам і курсантам. Задума добрая, і зробленая важная справа — створаны дакладны летапіс дзейнасці вайсковых вучылішчаў на тэрыторыі Беларусі ў савецкі час.

Аднак Беларусь для аўтараў кнігі — а гэта кіраўнікі вайсковых навучальных установаў — застаецца не нацыяй і не дзяржавай, а тэрыторыяй, акругай Расіі.

Кніга пачынаецца з раздзела «Відныя палкаводцы і дзяржаўныя дзеячы». Хто ў ім, як вы думаеце? Пераможца Грунвальда Вітаўт? Кіраўнік рэйдаў у глыб Брандэнбурга Давыд Гарадзенскі? Аўтар вялікай перамогі малымі сіламі пад Оршай, праваслаўны гетман Канстанцін Астрожскі? Арганізатары партызанскага руху Кастусь Каліноўскі і Пятро Машэраў?

Не. Там Аляксандр Неўскі, Дзмітрый Данской, Сувораў, Кутузаў, Нахімаў, Брусілаў, Жукаў. Сярод іх ніводнага беларуса, ніводнага ўраджэнца Беларусі.

Большасць з іх да Беларусі, да земляў яе — ні сном ні духам. Больш за тое, Данской і Сувораў з нашымі продкамі ваявалі. Аўтары кнігі маюць на гэта свой погляд: «Беларускія Узброеныя сілы, абапіраючыся на больш чым 300-гадовы вопыт айчыннай і расійскай ваеннай школы, маюць права лічыць сябе прадаўжальнікамі найбагацейшых традыцый і навучання і выхавання афіцэрскіх кадраў».

Можна было б зразумець, калі б беларускіх афіцэраў скіроўвалі да вопыту разумных палкаводцаў без уліку нацыянальнай прыналежнасці. Тады было б лагічна расказаць пра Эйзенхаўэра ці Пілсудскага побач з Жукавым. Не — там выключна героі расійскай вайсковай славы.

Беларуская дзяржава, паводле версіі кнігі, паўстае ў выніку «беспрэцэдэнтнай па сваіх маштабах і наступствах падзеі найноўшай гісторыі» — распаду СССР.

Гісторыя беларускай вайсковай школы пачынаецца з адкрыцця першых кадэцкіх корпусаў на тэрыторыі Беларусі. Звесткі пра нясвіжскі корпус вялікага гетмана ВКЛ Міхаіла Радзівіла ўціснуліся ў адзін абзац. Затое шклоўскаму корпусу фаварыта Кацярыны ІІ Зорыча адведзены асобны раздзел. Але найбольш гаворыцца пра створаныя за саветамі мінскія ваенныя вучылішчы. З набыццём Беларуссю незалежнасці яны былі рэарганізаваныя ў Ваенную акадэмію.

Сярод аўтараў кнігі — цяперашнія кіраўнікі Ваеннай акадэміі, былыя начальнікі мінскіх вучылішчаў, ідэолагі.

Філосаф Алесь Анціпенка мяркуе, што «Ваенную школу Беларусі» пісалі дылетанты. Ім не адмовіш у патрыятызме. Але сам факт існавання саюза з Расіяй уплывае. «Аўтары кнігі знаходзяцца на паўдарозе да ўсведамлення і прыняцця ўласна беларускай ваеннай гісторыі», — кажа філосаф.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)