Скандалы
Мікола Бугай, «Наша Нiва»

Беларуская дыяспара распачынае кампанію за байкот Чэмпіянату-2014

Калі ў Беларусі застануцца палітвязні — будзе байкот.

«Усе мы, хто жывём у вольным свеце, павінны сёння ўзяць на сябе адказнасць дамагчыся вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных вязняў у Беларусі, — звярнулася да беларусаў свету Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА). — Дзеля гэтага трэба разгарнуць сусветную акцыю, якая пагрозіць Лукашэнку, што той трыумфальны для яго Чэмпіянат свету па хакеі, які мае праходзіць у Беларусі ў 2014 годзе, можа там не адбыцца або будзе байкатаваны многімі краінамі».

БАЗА прапанавала прыкладную адозву, якую заклікае рассылаць ва ўрады, палітыкам, а таксама ў хакейныя федэрацыі, у арганізацыі моладзі.

У звароце гаворыцца, што ў Беларусі ў турмах сядзяць палітвязні. Утрымліваецца заклік уплываць на ўсе адпаведныя ўстановы, якія, у сваю чаргу, могуць паўплываць на таго чалавека, які адзін вырашае, каго садзіць і каго выпускаць у Беларусі — Аляксандра Лукашэнку.

БАЗА просіць усе беларускія арганізацыі свету і асобных грамадзян паведамляць яму пра зробленае ў гэтым кірунку і бярэ на сябе каардынацыю акцыі.

Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА) — гэта парасонавая арганізацыя беларусаў Амерыкі, якая мае ўплыў на рашэнні амерыканскага ўрада, датычныя Беларусі.

Раней да байкоту хакейнага чэмпіянату заклікалі Еўрапарламент і амерыканскі Кангрэс.

Да байкоту заклікалі і аб’яднанні «новай дыяспары», такія, як Free Belarus Now. Цяпер да іх далучыліся структуры «старой дыяспары». Гэтыя заклікі не знайшлі пакуль водгуку ў функцыянераў міжнароднай хакейнай федэрацыі. Аднак няма сумневаў, што ў выпадку захавання той кашмарнай сітуацыі з правамі чалавека, якая ёсць у Беларусі цяпер, хакейны чэмпіянат ператворыцца ў адзін вялікі скандал.

А тым больш калі сітуацыя пагоршае: адбудуцца новыя пагромы ці з’явяцца новыя вязні сумлення. Нават калі не знойдзецца юрыдычнай падставы, каб спаборніцтва з Беларусі перанесці, атмасфера вакол яго будзе адпаведная. Будуць звароты вядомых людзей свету, у тым ліку спартоўцаў і дзеячоў культуры, да хакеістаў. Сусветныя СМІ будуць перасцерагаць заўзятараў. Будуць акцыі пратэсту ў часе першынства. Будуць і акцыі адчаю беларусаў: суд над Каваленкам паказаў, што многія людзі даведзены да краю цярпення.