Общество
Eolonir

Беларуская благасфэра пра Баркэмп

Асноўнай падзеяй мінулага тыдню стаўся першы беларускі баркэмп – не-канфэрэнцыя для блогераў, якая адбылася на факультэце журналістыкі БДУ. Падзея знакавая для Беларусі, бо баркэмпавы рух, які распачаўся ў краінах СНД яшчэ ў 2007 годзе з Кіеву й захапіў Расею, Кыргызстан, Казастан, Украіну, Летуву ды Латвію дапяў Беларусі толькі зараз. Праўда, асаблівасьці канфэрэнцыі спадабаліся ня ўсім, хаця падзея атрымала большасьць станоўчых водгукаў у благасфэры.

Баркэмп быў названы ягоным заснавальнікам Тымам О’Рэйлі не-канфэрэнцыяй таму, што ён робіцца самімі ўдзельнікамі – прычым ня ў тым сэнсе, як робяць звыклую канфэрэнцыю. У баркэмпа няма арганізацыйнага камітэта з жорсткай іерархіяй, ніхто не адбірае выступоўцаў і не карэктуе даклады. Арганізацыйная група складаецца з валянтэраў, да якіх можа далучыцца кожны, каму цікава дапамагчы й хто мае пару гадзінаў вольнага часу на дзень. Кожны можа падаць сваю тэму прэзэнтацыі й ўласнаруч упісаць яе ў расклад, які фармуецца за пару хвілінаў да пачатку імпрэзы. Сэнс у тым, каб даць самім удзельнікам магчымасьць вырашыць, якая прэзэнтацыя цікавая, а якая – не. У гэтым фармаце ўдзельнікі прагаласуюць нагамі супраць нецікавых выступоўцаў, пакінуўшы прэзэнтацыйную залю на карысьць нейкае іншае прэзэнтацыі, якая трывае гэтым часам у паралельнай аўдыторыі.

Менавіта гэтая асаблівасьць падалася непрымальнай некаторым прыхільнікам традыцыйных канфэрэнцыяў. Бальшыня блогераў (усе згадкі пра баркэмп сабраныя вось тут) станоўча выказаліся пра самую зьяву ды пра ейную знакавасьць: “нарэшце Беларусь прыдбала свой Баркэмп!” Прыхільнікі ж традыцыйнага фармату назвалі Баркэмп неарганізаваным мерапрыемствам, канфэрэнцыяй для нізоў, якая ніколі ня зойме месца звыклых арганізаваных канфэрэнцыяў. Чаго, праўда, ейныя арганізацыі й ня мелі на мэце. А тое, што было названым неарганізаванасьцю, паходзіла ад механізма прыняцьця рашэньняў у арганізацыйным камітэце, дзе ў стылі баркэмпу няма лідэра й фіксаванага складу. Як кажуць баркэмперы, калі баркэмп добры, то ты яго сам такім зрабіў. І наадварот таксама слушна.

І, нарэшце, вось тут можна прачытаць падсумоўку арганізацыйнай групы не-канфэрэнцыі па арганізацыі баркэмпаў для тых, хто захоча працягнуць традыцыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)