Общество

Беларуская асацыяцыя журналістаў стала лаўрэатам Сусветнай прэміі ЮНЭСКА

Беларуская асацыяцыя журналістаў названая лаўрэатам Сусветнай прэміі ЮНЭСКА / Гільерма Кано за ўнёсак у свабоду прэсы. Такое рашэнне 27 красавіка агучыла журы прэміі.

– Цягам дваццаці пяці гадоў прэмія ЮНЭСКА/ Гільерма Кано прыцягвае ўвагу да мужнасці журналістаў ва ўсім свеце — журналістаў, якія так шмат ахвяруюць у пошуках праўды і адказнасці. Мы яшчэ раз натхняемся вашым прыкладам і нагадваем пра важнасць забеспячэння права журналістаў на свабодную і бяспечную працу, – падкрэслівае генеральны дырэктар ЮНЭСКА Одры Азуле.

– Уручаючы прэмію БАЖ, мы падтрымліваем усіх журналістаў ва ўсім свеце, якія крытыкуюць, выступаюць супраць і выкрываюць аўтарытарных палітыкаў і рэжымы, перадаюць праўдзівую інфармацыю і прасоўваюць свабоду выказвання меркаванняў. Сёння мы вітаем і хвалім іх. Мы знаходзім спосаб сказаць: мы з вамі і цэнім вашу мужнасць, – кажа старшыня міжнароднага журы прэміі, заснавальнік і дырэктар албанскай медыяарганізацыі Альфрэд Лэла.

– Ад самага дня заснавання ў 1995 годзе і да сёння галоўная місія нашай арганізацыі – абарона правоў журналістаў і медыя. На жаль, апошнія гады беларускі медыясектар вымушаны працаваць пад ударам небывалых рэпрэсій з боку ўладаў.

Больш за тысячу выпадкаў парушэння правоў журналістаў: сотні арыштаў, ператрусаў, прымянення гвалту супраць прадстаўнікоў медыя. Разгромленыя рэдакцыі, вымушаны выезд з краіны альбо доўгія гады турэмных тэрмінаў. 24 прадстаўнікі медыя за кратамі – у такіх умовах сёння даводзіцца працаваць беларускім журналістам.

Увесь гэты час наша арганізацыя працягвала працу для падтрымкі і абароны журналістаў. І будзе рабіць гэта далей. БАЖ расцэньвае высокую ўзнагароду ЮНЭСКА як падтрымку ўсёй незалежнай журналісцкай супольнасці Беларусі. Спадзяемся, што рашэнне аб прысуджэнні прэміі зможа прыцягнуць увагу да пагаршэння сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі, — падкрэслівае сваю пазіцыю Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Сусветная прэмія ЮНЭСКА / Гільерма Кано за ўнёсак у справу свабоды прэсы прысуджаецца за садзейнічанне альбо значны ўнёсак у справу абароны свабоды слова. У лютым 46 дзяржаў, у тым ліку 27 краін-сябраў ЕС, вылучылі БАЖ на атрыманне прэміі ЮНЭСКА. Падтрымалі вылучэнне БАЖ і многія журналісцкія арганізацыі свету.

Ад ліпеня 2021 года офіс БАЖ у Мінску застаецца заблакаваным пасля нападу сілавікоў, а рэжым Лукашэнкі пазбавіў арганізацыю рэгістрацыі. Нягледзячы на гэта БАЖ працягвае працу, застаецца сябрам Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)