Беларуская армія распрадае шапкі-вушанкі і тратылавыя шашкі
Вайскоўцы шукаюць пакупнікоў сярод арганізацыяў, прадпрымальнікаў і простых грамадзянаў. Чым гандлюе армія і хто гэта купляе?
Узброеныя Сілы тэрмінова шукаюць пакупнікоў маемасці. У раздзеле «Гарачыя прапановы» на старонцы ведамства – амаль тысяча найменняў тавараў, ад бронетранспарцера да скальпеляў і кубкаў для кавы.
Бронетранспарцер, радыестанцыя і перасоўны хлебазавод
Продажам непатрэбных войску рэчаў займаецца ўпаўнаважаная арганізацыя «Белспецкантракт». Упраўленне матэрыяльных рэсурсаў Узброеных сілаў РБ, у сваю чаргу, збірае прапановы ад іншых падраздзяленняў.

Радыестанцыя Р-847. Фота voentorg.by
Напрыклад, бранятанкавае выставіла на продаж шэсць адзінак тэхнікі, у тым ліку бронетранспарцер МТ-ЛБ. У Паветрана-дэсантных войсках знайшліся непатрэбныя парашуты і ратавальныя камізэлькі. Атаварыўшыся ў рэчавым упраўленні, можна смела здымацца ў кіно: тут табе і шапка-вушанка, і целагрэйка, і палявая сумка з папружкаю, на якой – савецкая зорка.
Для «сапраўдных патрыетаў» – фотаапарат і радыепрыймач ад Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы. Дзякуючы харчоваму ўпраўленню можна стаць шчаслівым уладальнікам палявой кухні, алюмініевых талерак, кубкаў і нават перасоўнага хлебазаводу (ПМХ).

Магчыма, камусьці ў штодзеннай працы спатрэбіцца радыестанцыя для пошукавай беспадстроечнай радыесувязі, кампрэсарная станцыя, кіслародная цыстэрна або аэрадромны электраматор-генератар. Або цеплавоз ТЭМ1 і старыя багажныя вагоны? Інжынерныя войскі афіцыйна прадаюць тратылавыя шашкі – для «выканання выбуховых працаў у грунце, разбурэння выбухным спосабам драўляных, металічных і жалезабетонных канструкцыяў».
З рэзервуараў для паліва робяць басейны
Інфармацыю пра тавары з вайсковым мінулым можна знайсці не толькі на інтэрнэт-старонцы. Штогод ладзяцца выставы-продажы. Апошняя прайшла напрыканцы траўня ў 1100 базе захоўвання і рамонту тэхнікі службы паліва ў паселішчы Міханавічы (Менскі раен).
Дзяржаўныя арганізацыі ды прадпрымальнікі цікавіліся перадусім вайсковымі аўтамабілямі, якія бралі таксама на запчасткі. Гандляр запчасткамі для грузавікоў набыў «Урал-4320» за Br 45 млн., паводле яго, кошт апраўданы, бо рынкавы кошт аднаго толькі рухавіка складае 10 млн. Старымі «Ураламі» цікавіліся таксама пажарныя, якім часта не стае сваей тэхнікі.
Рэзервуары і емістасці для паліва найчасцей набываюць дачнікі, якія робяць з іх басейны. А часткі паліваправодаў выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы – паліваюць палі ды градкі на адлегласці.
Калі адзін і той жа прадмет зацікавіць некалькіх пакупнікоў, яго выстаўляюць на аўкцыен.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное