Беларуская амбасада супраць фільму «Жыве Беларусь»
«Жыве Беларусь» — гэта спроба пасварыць беларусаў і палякаў. Ліст з такім зьместам накіраваў распаўсюднікам фільму «Жыве Беларусь» кампаніі «KINO ŚWIAT» Віктар Гайсёнак, беларускі амбасадар у Польшчы.
«Ніводзін з паказаных у стужцы фрагмэнтаў ня мае нічога супольнага з рэчаіснасьцю, а папросту дэманструе хворую фантазію аўтара сцэнару», — напісана ў лісьце. Карціна Беларусі, пададзеная ў фільме, названая «фальшывай», а фільм і яго распаўсюд прадстаўленыя як спроба пасварыць беларусаў і палякаў.
Беларуская амбасада заклікала польскага дыстрыбутара адмовіцца ад распаўсюду фільму «Жыве Беларусь».
Аляксей Зелянкоў, прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Польшчы, паведаміў Радые Свабода, што ліст быў накіраваны 15 красавіка і што гэта ініцыятыва амбасады.
Зелянкоў: «У польскай прэсе есьць шмат рэклямы гэтага фільму, які ўвязваецца з палітычнай сытуацыяй у Беларусі і робіцца акцэнт, што ў ім паказаная праўдзівая сытуацыя ў Беларусі. Пра гэта кажуць і стваральнікі фільму. Таму мы палічылі мэтазгодным напісаць такі ліст».
Радые Свабода: «А які фільм вы б прапанавалі паглядзець пра Беларусь?»
Зелянкоў: «Мы б прапанавалі „Брэсцкую крэпасьць“ паглядзець».
Самога фільму Аляксей Зелянкоў не глядзеў — бачыў толькі трэйлер.
«Я яго пагляджу толькі тады, калі ен зьявіцца ў інтэрнэце. Плаціць за яго грошы я ня буду», — заключае прэс-сакратар беларускай амбасады ў Польшчы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное