Беларускамоўных школ і клясаў усё меней
У гэтыя дні школы Беларусі вызначаюць колькасьць навучэнцаў, якія маюць жаданьне вучыцца па-беларуску. Паводле айчыннага заканадаўства, нават пры наяўнасьці адной заявы на гэта адміністрацыя навучальнай установы мусіць ісьці насустрач жаданьням бацькоў і дзяцей і арганізоўваць беларускамоўнае навучаньне.
БЕРАСЬЦЕ: У беларускамоўнай гімназіі клясы цалкам укамплектаваныя
На Берасьцейшчыне ў буйных гарадах, за выключэньнем абласнога цэнтру, зусім няма беларускамоўных школ або клясаў. У вёсках сытуацыя іншая — прыкладна 50% школ цалкам беларускамоўныя.
Спэцыялісты гарадзкога аддзелу адукацыі Берасьця кажуць, што для стварэньня беларускамоўнага клясу, гэтак жа як і клясу з мовай нацыянальных меншасьцяў — польскай і ўкраінскай — дастаткова толькі заявы бацькоў. Калі дзіця паступае ў школу, бацькі, афармляючы дакумэнты, пазначаюць, на якой мове жадаюць навучаць сваё дзіця. І такая заява павінна быць задаволенай. Удакладняе супрацоўніца Берасьцейскага гарана:
"У любым клясе: першым, сёмым, паводле заявы бацькоў мы можам весьці адукацыю дзяцей на пажаданай мове. Але за апошнія сем гадоў да нас не паступіла ніводнай заявы".
Пры гэтым у Берасьці існуе гімназія, дзе навучаньне вядзецца выключна на беларускай мове. Навучальная ўстанова ня ведае праблемаў з вучнямі. Беларускамоўныя клясы, як адзначаюць спэцыялісты гарадзкога аддзелу адукацыі, цалкам укамплектаваныя:
"У трэцяй гімназіі навучаньне вядзецца цалкам на беларускай мове. Праўда, такая навучальная ўстанова ў нас у горадзе адзіная".
У Пінску некалькі гадоў таму назад існавала беларускамоўная школа, паведаміў спэцыяліст аддзелу адукацыі гораду:
"Раней існавала 17-я школа зь беларускай мовай навучаньня. Але апошнія некалькі гадоў у нашым горадзе не існуе наагул нават клясаў зь беларускай мовай навучаньня".
У раённым аддзеле адукацыі Пінскага райвыканкаму кажуць, што ў раёне, зрэшты, як і па ўсёй вобласьці, беларускамоўныя школы і клясы засталіся толькі ў вёсках:
"На сёньня ў нашым раёне існуе прыкладна палова расейскамоўных і палова беларускамоўных школ".
Старшыня баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Віктар Сырыца канстатуе, што, нягледзячы на вынікі перапісу насельніцтва, паводле якога больш за 70% гараджан назвалі сваёй роднай мовай беларускую, сытуацыя ў адукацыі выглядае зусім па-іншаму. Віктар Сырыца адзначае, што ў горадзе высілкамі арганізацыі распачата стварэньне клясу з роднай мовай навучаньня:
"У Баранавічах няма ні школ, ні нават клясаў зь беларускай мовай навучаньня. А яшчэ чатыры гады таму назад існавала ў нас чатыры клясы. А цяпер усё гэта зьнікла. У гэтым навучальным годзе маем надзею на стварэньне клясу з 10—12 дзетак. Цяпер чакаем, што будуць напісаныя заявы ў аддзел адукацыі".
МАГІЛЁЎ: Чыноўнік кажа, што ствараць беларускамоўны кляс з трох вучняў немэтазгодна
У Магілёве пакуль толькі трое першаклясьнікаў гатовыя вучыцца па-беларуску. У аддзеле адукацыі гарвыканкаму заяўляюць, што такой колькасьці вучняў недастаткова для адкрыцьця асобнай клясы.
Усяго ў аддзел адукацыі гарвыканкаму пісьмова зьвярнуліся па беларускамоўнае навучаньне для сваіх дзяцей пяцёра бацькоў. Двум дзеткам, аднак, давядзецца пачакаць школы яшчэ год, бо яны замалыя.
"У іх жа будзе пустая кляса. Толькі трое чалавек будзе сядзець. А школы ў нас перагружаныя. Можа, яшчэ нехта захоча з бацькоў. Усё, што мы павінны былі зрабіць — мы зрабілі. І сходы праводзілі, і на сайце аб’яву вывесілі, у школах гэта было ўсё агаворана і ў садах размаўлялі зь дзецьмі і бацькамі", — зазначае супрацоўніца аддзелу адукацыі.
Паводле начальніка аддзелу адукацыі Сяргея Казлова, каб стварыць у Магілёве беларускамоўную клясу, неабходна чатырнаццаць-пятнаццаць чалавек. Фармаваньне клясы з трох вучняў — немэтазгодна.
Бацькам пэўнага адказу на пытаньне, ці будзе сёлета беларускамоўная кляса ў Магілёве, чыноўнікі не даюць.
"Я дапытвалася, у якой школе яна будзе, бо для нас гэта вельмі важна. Намесьніца Казлова адказала: мы ня ведаем. Павінны ж яны неяк вызначыцца. Трэба ж падрыхтаваць кляс, настаўнікаў — матэрыялы ўсе. Нічога ня робіцца", — зазначае маці будучай першаклясьніцы Надзея Салаўёва.
ВІЦЕБШЧЫНА: У Глыбоцкай гімназіі трымаюцца беларушчыны
У Віцебску нават у гімназіі №1, якая мае статус нацыянальнай, ужо тры гады не набіраюць у першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня.
У гэтай навучальнай установе, якая лічыцца адной з самых прэстыжных у горадзе, і раней беларускамоўнай была толькі пачатковая школа. Цяпер тут цалкам перайшлі на выкладаньне па-расейску, а на роднай мове — толькі гісторыя Беларусі.
Самы апошні набор у клясы зь беларускай мовай навучаньня быў у сярэдняй школе № 40. Вось што распавяла сакратарка навучальнай установы, якая цяпер займаецца прыёмам дакумэнтаў:
"Такой клясы ў нас ня будзе. Раней была, але ўжо летась не набіралі, і цяпер ня будзе. Ну, раней у нас была настаўніца-энтузіястка, Бурда Сьвятлана Ёсіфаўна. Але цяпер яна працуе загадчыцай дзіцячага садку ў Кастрычніцкім раёне, яе больш у нас няма. А раней да нас езьдзілі дзеці з усяго гораду".
Беларускамоўная кляса трымалася выключна на ініцыятыве настаўніцы. Бо цяпер у школе бацькам першаклясьнікаў хіба толькі паведамляюць, што гіпатэтычна стварэньне клясы з роднай мовай выкладаньня магчымае. Але насамрэч гэта дастаткова складаная бюракратычная працэдура, кажа сакратарка:
"Мы заўжды кажам на бацькоўскіх сходах, і каб былі ахвотныя, то і кляса была б. Але павінна быць ня менш як 15 чалавек. І то, калі нават заявы будуць, гэта ж ня я вырашаю, я толькі сакратарка, а рашае дырэктар школы разам з загадчыкам раённага аддзелу адукацыі. А потым выканкам павінен зацьвердзіць, гэта ж ня проста так!"
Бадай што адзіны рэгіён у вобласьці, дзе можна атрымаць адукацыю на беларускай мове — гэта Глыбоччына.
У сярэдняй школе № 3 і сёлета будуць беларускамоўныя пачатковыя клясы. Яны фармуюцца з пэўнай пэрспэктывай — большасьць вучняў потым ідзе вучыцца ў зноў-такі беларускамоўную глыбоцкую гімназію. Тут вучацца зь пятай клясы, у іх якраз ідзе набор вучняў. І толькі адзінкі зь ліку бацькоў час ад часу патрабуюць, каб перавесьці навучаньне на расейскую мову, распавяла намесьніца дырэктара навучальнай установы:
"Было такое. У нас ёсьць адзін тата, ён былы "аўганец", дык вось два гады запар ён уздымаў гэтае пытаньне, але большасьцю галасоў бацькоў клясы было вырашана, каб на беларускай мове займацца. Гэтае пытаньне ў нас паўставала сёлета, і яно штогод паўстае. Але, я лічу, гэта цудоўна, што ў нас навучаюцца на беларускай мове".
МЕНСК: За навучаньне дзяцей па-беларуску змагаюцца бацькі
Сёлета ў менскай гімназіі № 23 набраныя два беларускамоўныя клясы. Аднак, перш чым патрапіць у сьпісы, бацькам і дзецям давялося пахвалявацца. Бацька першаклясьніка Зьміцер Саўка расказвае, што на пачатку году адміністрацыя гімназіі абяцала задаволіць усе заявы на беларускамоўнае навучаньне, затое пасьля…
"Адміністрацыя зьмяніла сваё стаўленьне на 180 градусаў. Таму мы былі змушаныя зьвяртацца ў Менгарвыканкам і даводзіць уладам пра невыкананьне адпаведнага заканадаўства. Пярэчаньня не сустрэлі. Школе быў аддадзены загад прыняць усіх дзяцей, якіх мы заяўлялі як першаклясьнікаў. Таму 1-га чэрвеня ўжо ніякіх перашкодаў нам у гімназіі не стваралі".
Зьміцер Саўка лічыць, што больш трывалыя, чым у рэгіёнах, пазыцыі беларускамоўнага навучаньня ў Менску захоўваюцца дзякуючы большай рашучасьці бацькоў:
"Звычайна бацькі дзяцей у беларускамоўных сем'ях — гэта актыўныя людзі. Яны — згуртаваныя, згрупаваныя і ўмеюць дамагацца свайго. Практычна штодзень яны змагаюцца за права беларускай мовы гучаць у Беларусі. І спалохаць іх перашкодамі, як гэта было ў сталічнай гімназіі № 23, ніяк не выпадае".
У Міністэрстве адукацыі пакуль сытуацыю ў беларускамоўным навучаньні камэнтаваць адмаўляюцца. Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка гэтак ацэньвае сытуацыю зь беларускамоўным навучаньнем у школах:
"Сытуацыя застаецца практычна аднолькавая цягам некалькіх апошніх гадоў. Колькасьць клясаў зь беларускамоўным навучаньнем зьніжаецца. Хаця, да прыкладу, у Менску ёсьць школы, якія стала набіраюць клясы зь беларускамоўным навучаньнем. Гэта — гімназіі №№ 4, 9, 14. Хачу нагадаць, што, паводле Канстытуцыі, усе школы мусяць задавальняць заявы на беларускамоўнае навучаньне, Але, на жаль, пакуль дырэкцыі школ ствараюць праблемы, калі пададзена адна, дзьве альбо тры заявы. Ім трэба, каб адразу быў сфармаваны цэлы кляс".
Паводле статыстыкі, беларускамоўных школ у краіне — амаль 1900. Але пераважным чынам яны знаходзяцца ў вёсках, таму на роднай мове ў папярэднім годзе навучаліся толькі 18,6 працэнта школьнікаў.
Читайте еще
Избранное