Беларуска распавяла пра працу ў Дзярждэпе ЗША
Год таму Алеся Кіпель перайшла на працу ў Дзярждэпартамент ЗША. У інтэрв'ю budzma.by яна расказала пра статус дзяржслужачага ў ЗША.
Алеся Кіпель
— Ці накладвае статус дзяржслужачага ў ЗША нейкія абмежаванні на чалавека?
— Так, трэба быць вельмі асцярожнай, каб не выглядала, што нешта робіцца неэтычна, некарэктна. Нельга падарункаў атрымоўваць, каб не выглядала, што нехта можа купіць нашую лаяльнасць. З гэтым вельмі строга ў ЗША на дзяржаўнай службе. Трэба асцярожна выказвацца палітычна. Мы працуем для адміністрацыі, таму мусім падзяляць: прыватна робіш — гэта адно, а публічна — іншае. Калі ты на вышэйшай пасадзе пра нешта выказваешся, гэта прымаюць як афіцыйную дзяржаўную пазіцыю, людзі прыслухоўваюцца і трэба быць асцярожнай у публічных выказваннях.
— Ці могуць звольніць дзяржслужачага, які рэзка выказваўся публічна?
— Могуць звольніць, калі нешта зробіш не па законе, ці не будзеш выконваць інструкцыі, як трэба захоўвацца. Але звольняць не адразу, будзе працэс, дэталёвае разбіральніцтва з абвінавачаннем і магчымасцю абараніць сябе з дапамогай адваката ці прафсаюза. Складаная працэдура. То бок звольніць могуць, але гэта даволі рэдка бывае. Трэба нешта ну вельмі благое зрабіць. Канечне, калі ў Кангрэсе бюджэт не прагаласуюць, тады ўсіх звальняюць, але потым зноў усе вяртаюцца на працу, і гэта нештодзённая справа.
— Вашая пасада ў Дзярждэпартаменце дае магчымасці нешта зрабіць для Беларусі, беларусаў?
— Не, і гэта добра, бо быў бы канфлікт інтэрэсаў, каб давала. Тады мне трэба было б адысці ад беларускай дзейнасці. Часам мытныя адміністрацыі маюць супольныя трэнінгі ці проста дагаворы з рознымі краінамі, прыкладам, з балтыйскімі. Але з Беларуссю мы такія дачыненні яшчэ не мелі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное