Общество
Сяргей Cтахоўскi

Беларусізацыі банкаматаў замінае рускамоўны «софт»

Дырэктар разліковага цэнтра пластыкавых картак «Беларусбанка» Анатоль Багавік сустрэўся з грамадзянскім актывістам Зміцерам Курзой, адным з ініцыятараў кампаніі па беларусізацыі інфакіёскаў.

– Мяне запрасілі па тэлефоне, загадзя, у чацвер, – распавёў «Салідарнасці» Зміцер Курза. – Сустрэча адбылася ў пятнiцу. Аказалася, што ў «Беларусбанку» ведаюць пра нашу ініцыятыву – збор подпісаў – і сочаць за рэакцыяй у СМІ.

Па словах актывіста, банк не супраць дадаць беларускую мову ў інфакіёскі, але ёсць пэўныя перашкоды праграмнага характару.

– Электронная праграма «ЕРІП», праз якую ідуць пералікі паміж банкамі, напісана па-руску, і тэхнічна гэта не дазваляе ўжыць беларускую мову ў інфакіёсках і іншых сістэмах электроннага разліку, – адзначыў суразмоўца. – Таксама спадар Багавік патлумачыў, што зрабіць частковы пераход на беларускую мову , як гэта практыкуецца ў шэрагу банкаў, магчыма. Але «Беларусбанк» не жадае рабіць паўмеры па перакладзе на родную мову, баючыся нараканняў з боку карыстальнікаў.

Актывіст прапанаваў адміністрацыі «Беларусбанка» звярнуцца з прапановай у Нацбанк, каб праграму «ЕРІП» пераклалі на беларускую мову.

– У сваю чаргу, дырэктар РЦПК таксама прапанаваў нашай ініцыятыўнай групе звярнуцца ў Нацыянальны банк з аналагічнай прапановай, а пасля паабяцаў праінфармаваць мяне пра вынікі звароту і рэакцыю Нацбанку. Паглядзім, ці зварухнецца справа. Калі не, то будзем накіроўваць свае прапановы ў Нацбанк, – падсумаваў Зміцер Курза.