Лица

Беларусаў запрашаюць на фестываль «Камяніца 2017»

16 верасня пад Мінскам адбудзецца дзявяты міжнародны фестываль «Камяніца».

Як паведамляе prastora.by, на галоўнай сцэне сёлета выступяць: гурт ONUKA (Украіна), Theodor Bastard (Расія), Shuma (Беларусь) і The Doox (Украіна). Таксама на галоўнай сцэне выступяць беларускія гурты «Нагуаль», Shaman Jungle і «Варган».

Другая сцэна фестывалю будзе цалкам прысвечана аўтэнтычнаму беларускаму фальклору, які прагучыць у выкананні ансамбляў «Рада», «Мярэжа», «Горынь» і Патрыцыі Свіцінай. Гэта пляцоўка будзе працаваць у перапынках паміж выступамі артыстаў галоўнай сцэны, дазваляючы зрабіць музычную праграму мерапрыемства неперарыўнай.

Фестываль адбудзецца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо пад Мінскам (4 кіламетры ад МКАД за аўтарынкам «Малінаўка»). Акрамя музыкі гледачоў чакае вялікі кірмаш народных промыслаў, майстар-класы рамеснікаў, вясковыя забавы, выставы мастакоў і фатографаў.

Усе грошы ад квіткоў ідуць на рахункі музея, дапамагаючы захоўваць унікальную калекцыю аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў, сабраную ў розных рэгіёнах краіны.

У межах «Камяніцы 2017» адбудзецца традыцыйны кірмаш нацыянальнай культуры з вырабамі майстроў, майстар-класамі, забавамі. Заяўкі на ўдзел можна адпраўляць да 11 верасня на пошту kamianica2003@gmail.com з апісаннем дзейнасці, фота вырабаў і кантактамі. Перавага надаецца найбольш арыгінальным праектам, якія працуюць у беларускім кантэксце.

Яго арганізатары — «Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту», «Грай Кафэ» і кампанія PRASTORA.BY.

Генеральны партнёр фестывалю — Банк «БелВЭБ».

Як даехаць на «Камяніцу»? Вельмі проста!

Машынай ці роварам: вёска Азярцо, 4 км ад МКАД за аўтарынак «Малінаўка». Для ровараў будзе асобная паркоўка, магчымасць заехаць на тэрыторыю фэста.

Аўтобусам: ад мятро «Малінаўка» (прыпынак у бок МКАД). Будуць і бясплатныя, і сімвалічна платныя аўтобусы кожныя 15-20 хвілін.

Папярэдне квіткі каштуюць да 10 рублёў (дарослы), у дзень фестывалю кошт будзе 15 рублёў (дарослы).

Папярэдні продаж: «Bycard», «SMSbilet.by».

Для дзяцей дашкольнага ўзросту ўваход бясплатны.

Інфалінія: +375 29 363 76 85, +375 29 856 42 01, +375 17 209 41 63.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)